Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АГП і Партыя БНФ заявілі пра нязгоду з рашэньнямі судоў аб іх ліквідацыі


Аб’яднаная грамадзянская партыя (АГП) і Партыя БНФ заявілі пра нязгоду з рашэньнямі аб іх ліквідацыі ў судовым парадку.

Выканаўца абавязкаў старшыні зьліквідаванай 15 жніўня Аб'яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімер Шанцаў падкрэсьліў, што АГП налічвае больш за 3,5 тысяч чальцоў, і «партыя стваралася на добраахвотнай аснове грамадзянамі, якія хацелі ўдзельнічаць у палітычным жыцьці Беларусі», а ліквідавалі яе тыя, «хто не атрымаў для гэтага паўнамоцтваў ад насельніцтва краіны».

«Абʼяднаная грамадзянская партыя мае слаўныя традыцыі і гераічнае мінулае. АГП — гэта партыя Генадзя Карпенкі, Віктара Ганчара, Юрыя Захаранкі, якія былі забітыя эскадронамі сьмерці. Мы сьвята шануем іх памяць», — заявіў Шанцаў.

У сваёй заяве ён узгадаў старшыню партыі Мікалая Казлова і іншых аднапартыйцаў, якія цяпер знаходзяцца за кратамі.

«Мае аднапартыйцы — гэта паважаныя людзі, знаходзіцца зь імі ў адной камандзе — вялікі гонар і годнасьць для мяне. Партыю яны ліквідавалі, а людзі засталіся. Таму заяўляю, што Абʼяднаная грамадзянская партыя была, ёсьць і будзе!» — падсумаваў Шанцаў.

У прэс-рэлізе ліквідаванай 14 жніўня Партыі БНФ, які паступіў на электронны адрас BPN, гаворыцца, што пасьля абнаўленьня закона «Аб палітычных партыях» дзейнасьць структуры стала немагчымай.

«На партыі з 2023 году ўсклалі абавязак забясьпечваць выкананьне асноўных напрамкаў унутранай і зьнешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі, якія зацьвярджаюцца Ўсебеларускім народным сходам. Невыкананьне гэтага прынцыпу замацавана ў законе як асобная падстава для ліквідацыі палітычных партый, як і іншых грамадзкіх абʼяднаньняў», — зазначаецца ў заяве.

Такім чынам, падкрэсьлівае Партыя БНФ, «на заканадаўчым узроўні замацаваная норма аб немагчымасьці існаваньня ў зарэгістраваным статусе тых абʼяднаньняў, якія не падтрымліваюць цяперашні палітычны курс кіраўніцтва краіны».

У паведамленьні зьвяртаюць увагу на «шматлікія мэтады» палітычных рэпрэсій у дачыненьні да сябраў партыі.

«Старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў з красавіка 2021 года знаходзіцца за кратамі, ён асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня па недарэчным абвінавачаньні ў змове. У зьняволеньні знаходзяцца многія іншыя чальцы партыі. З прычыны жорсткіх умоваў утрыманьня і адсутнасьці належнай мэдычнай дапамогі за кратамі загінулі нашы паплечнікі, актывісты — фронтаўцы Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін. Многія сябры Сойму, лідэры рэгіянальных суполак і шараговыя актывісты БНФ былі вымушаныя пакінуць радзіму праз палітычна-матываваны перасьлед», — гаворыцца ў заяве.

Партыя таксама нагадвае, што яе памяшканьне ў Менску апячаталі 14 ліпеня 2021 году, калі «па краіне пракацілася хваля ператрусаў у офісах грамадзкіх арганізацый».

«Рашэньне Вярхоўнага суда аб ліквідацыі Партыі БНФ не азначае спыненьня руху грамадзтва да прыняцьця і пашырэньня нацыянальна-дэмакратычных каштоўнасьцяў, бо немагчыма спыніць ідэю, час якой насьпеў», — рэзюмуецца ў заяве.

Партыя БНФ не падавала дакумэнты на перарэгістрацыю, як таго патрабавалі прынятыя сёлета зьмены ў заканадаўства аб партыях.

Яе старшыня Рыгор Кастусёў у верасьні 2022-га быў асуджаны на 10 гадоў пазбаўленьня волі па ч. 1 арт. 357 КК (змова з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам) у рамках палітычна матываванай «справы змоўшчыкаў».

  • 20 ліпеня Вярхоўны суд ліквідаваў Кансэрватыўна-Хрысьціянскую партыю — БНФ, 24-га — Беларускую патрыятычную партыю, 27-га — Беларускую партыю «Зялёныя»; 31-га слухалася справа аб скасаваньні партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» (рашэньне невядома, але ў сьпісе партый на сайце Мінюсту БСДГ больш не фігуруе).
  • 8 жніўня ліквідаваная Рэспубліканская партыя (РП), 9 жніўня — Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды (СДП НС).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG