Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд Беларусі, выглядае, ліквідаваў Кансэрватыўна-хрысьціянскую партыю — БНФ


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Зьезд КХП БНФ, 2017 год
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Зьезд КХП БНФ, 2017 год

Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя — БНФ, якая мела рэгістрацыю ад 28 лютага 2000 году, мяркуючы па ўсім, закрытая ў судовым парадку.

Паводле інфармацыі з Адзінага дзяржаўнага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, палітычная структура «знаходзіцца ў працэсе ліквідацыі» паводле рашэньня Вярхоўнага суда ад 20 ліпеня.

Раней паведамлялі, што ў гэты дзень адбудзецца пасяджэньне Вярхоўнага суда паводле адпаведнага пазову Міністэрства юстыцыі, пазоў мусіла разглядаць судзьдзя Валянціна Кулік, якая знаходзіцца пад санкцыямі Эўразьвязу.

13 ліпеня нязьменны старшыня КХП-БНФ 79-гадовы Зянон Пазьняк заявіў BPN, што патрабаваньне абноўленага закона аб палітычных партыях, згодна зь якім для рэгістрацыі неабходна не 1 тысяча, а 5 тысяч чальцоў, «невыканальнае ня толькі ў Беларусі, але нават у Францыі».

  • КХП-БНФ, якая ўзьнікла ў 1999 годзе пасьля расколу Беларускага народнага фронту, стала першай партыяй, пытаньне аб ліквідацыі якой разгледзеў Вярхоўны суд пасьля таго, як набылі моц папраўкі ў закон аб палітычных партыях, якія прадугледжваюць іх перарэгістрацыю. Нязьменным лідэрам КХП-БНФ зьяўляецца 79-гадовы Зянон Пазьняк, які даўно знаходзіцца за мяжой.
  • 24 ліпеня ў Вярхоўным судзе адбудзецца разгляд пазову Мінюста аб ліквідацыі праўладнай Беларускай патрыятычнай партыі, аналягічныя працэсы ў дачыненьні да дзьвюх апазіцыйных партый — «Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады» і Беларускай партыі «Зялёныя» пройдуць 27 і 31 ліпеня адпаведна, а палітычна інэртнай Рэспубліканскай партыі — 8 жніўня.
  • Зь меркаваньняў бясьпекі Беларуская партыя «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (БСДГ), Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» падалі дакумэнты на перарэгістрацыю бязь сьпісу сяброў. На гэтай падставе Мінюст адмовіў некаторым у перарэгістрацыі. Усе названыя партыі выступаюць супраць рэжыму Лукашэнкі.
  • Улады перарэгістравалі праўладныя Камуністычную партыю Беларусі, Лібэральна-дэмакратычная партыю, Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасьці. Раней зарэгістравалі ляяльную Лукашэнку партыю «Белая Русь».
  • 5 чэрвеня прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, БСДП (Грамада), Партыі БНФ і БПЗ заклікалі спыніць дзеяньне новай рэдакцыі закону «Аб палітычных партыях» празь яе неадпаведнасьці Канстытуцыі.
  • 14 лютага Лукашэнка падпісаў закон «Аб зьмене законаў па пытаньнях дзейнасьці палітычных партый і іншых грамадзкіх аб’яднаньняў». Дакумэнт узмацніў патрабаваньні да палітычных сіл і абавязаў усе існыя партыі прайсьці працэдуру перарэгістрацыі на працягу 6 месяцаў пасьля яго ўступленьня ў сілу.
  • 13 сьнежня 2022 году Лукашэнка заявіў, што «на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасьць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і замежнай палітыкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG