Чаму Польшча канцэнтруе на мяжы зь Беларусьсю вялікія вайсковыя сілы? У чым мэта пастаноўкі на рэфэрэндум у Польшчы пытаньня аб зносе плота на мяжы зь Беларусьсю? Што азначае заява Лукашэнкі аб пажаданым зьніжэньні напружанасьці ў адносінах з Польшчай? Што прынясе Польшчы поўнае закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю?
На гэтыя пытаньні Радыё Свабода адказвае журналіст парталу Onet.pl, былы часовы павераны Польшчы ў Беларусі Вітальд Юраш.
— Памежная служба Польшча праводзіць апэрацыю «Gryf», накіраваную на закрыцьцё мяжы зь Беларусьсю. У ёй, як паведамляецца, удзельнічаюць да 4000 вайскоўцаў.
Міністэрства абароны стварыла вайсковую групу для правядзеньня апэрацыі «Rengaw». Мэта апэрацыі — стрымліваньне і неадкладная рэакцыя ў выпадку неабходнасьці.
Матывы такіх дзеяньняў — гэта абвастрэньне міграцыйнага крызісу, павелічэньне патоку нелегальных мігрантаў, або пагроза з боку расейскай ПВК «Вагнэр», разьмешчанай у Беларусі?
— Тут пагроза — у адсутнасьці лёгікі ў дзеяньнях Масквы і Менску. З чыста лягічнага пункту гледжаньня ніякіх правакацыяў не павінна быць. Расея і Беларусь ня ў стане весьці вайну з Захадам.
Але я ня думаў, што Расея пачне вайну з Украінай. Я імкнуўся разважаць лягічна і ў выніку памыліўся. Ніхто ня хоча падобнай памылкі паўтарыць, і таму ўлады Польшчы вымушаныя дзейнічаць даволі жорстка.
Хаця тут ёсьць і ўнутрыпалітычныя чыньнікі, кіроўная партыя «Права і справядлівасьць» хоча паказаць сябе змагаром за бясьпеку, а апазыцыю — слабой. Вайны як такой не чакаюць, але правакацыі магчымыя.
Заходнія спэцслужбы ў апошнія тыдні назіралі незразумелую актыўнасьць нейкіх дзіўных асобаў паблізу ад аб’ектаў крытычнай інфраструктуры ў Польшчы. Так што я не выключаю, што нешта можа адбыцца. Хоць гэта было б глупствам.
— Да кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў у Польшчы прымеркаваны рэфэрэндум па шэрагу пытаньняў, у тым ліку і пра знос плота на мяжы зь Беларусьсю. А хтосьці гэтага патрабуе, дамагаецца? Чаму вылучаная гэтая тэма на рэфэрэндум? Ці гэта спосаб вывесьці пытаньне аб адносінах зь Беларусьсю ў парадак дня выбараў?
— Гэта дурнаватае пытаньне. Апазыцыя сапраўды гэты плот даволі моцна крытыкавала. Але ўсе сурʼёзныя людзі разумелі, што яна плот крытыкуе, але калі прыйдзе да ўлады, то разбураць, зносіць яго ня будзе. Але кіроўная партыя лічыць, што на гэтым можна палітычна выйграць.
— На мінулым тыдні Аляксандар Лукашэнка нечакана выступіў з прымірэнчай заявай адносна Польшчы. Што яна азначае, на вашу думку? Пры тым, што ён для зьмякчэньня напружанасьці нічога ня робіць і нават не абяцае зрабіць.
— Зьвяртаць увагу на тое, што гаворыць Лукашэнка, у апошнія гады стала складана, трэба зьвяртаць увагу на яго дзеяньні.
З другога боку, мне здаецца, што цалкам ігнараваць падобныя прапановы нельга. Пасьля спробы перавароту, учыненага Яўгеніем Прыгожыным, для Лукашэнкі ўзьнікла іншая сытуацыя, адрозная ад той, што склалася пасьля задушэньня пратэстаў 2020 году. Да 2020 году і Ўладзімір Пуцін, і Лукашэнка былі моцнымі лідэрамі. У апошнія тры гады Пуцін быў ці здаваўся моцным, а Лукашэнка — слабым. Але пасьля мяцяжу 24 чэрвеня 2023 году я не магу сказаць, хто зь іх слабейшы.
Пасьля гэтага мяцяжу Лукашэнка стаў задумвацца, ці зможа ён палітычна перажыць Пуціна. Я мяркую, што гэта магчыма, што Лукашэнка можа застацца ва ўладзе даўжэй, чым Пуцін. Калі так, то Лукашэнку трэба неяк наладзіць адносіны з Захадам.
Хоць гэта надзвычай складана, калі магчыма наагул. Задушэньне пратэстаў у 2020 годзе было надзвычай брутальным. І гэтым Лукашэнка перайшоў пэўную рысу.
Зь іншага боку, ёсьць сыгналы з боку ўкраінцаў, што яны на Лукашэнку глядзяць інакш, чым на Пуціна. І гэтыя сыгналы Захад атрымлівае і задае сабе пытаньні. Што з гэтага атрымаецца, невядома, але я б не ігнараваў сыгналы, якія ідуць ад Лукашэнкі.
— Лукашэнка ў сваіх камэнтарах пра адносіны з Польшчай выказаў думку, што палітыка Варшавы можа зьмяніцца пасьля кастрычніцкіх парлямэнцкіх выбараў у Польшчы. Ці можа?
— Я ня надта ў гэта веру. Я шмат гадоў адстойваў думку, што з Лукашэнкам варта размаўляць. Я апынуўся ў меншасьці і прайграў. Я ўвесь час чуў меркаваньні, што Лукашэнка — раб Пуціна. Я тады казаў, што вы яшчэ ўбачыце, што такое насамрэч быць рабом Пуціна. Цяпер мы гэта бачым. І Ўкраіна, на жаль, гэта ўбачыла ў лютым 2022 году.
Ён быў і ёсьць цалкам савецкім чалавекам. Але тут ёсьць градацыі. Лукашэнка ўзору 2009 ці 2015 гадоў быў і з нашага, і з украінскага пунктаў гледжаньня лепшы, чым цяперашні.
Так, ён быў нягоднікам, дыктатарам, правы чалавека ў Беларусі былі ў жахлівым стане. Гэта праўда. Але магчымасьці размаўляць зь ім былі.
Цяпер я такіх магчымасьцяў ня бачу.
— Прадстаўнікі польскага ўраду заяўляюць пра магчымасьць поўнага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю, ідзе гаворка пра спыненьне як пасажырапатоку, гэтак і любога грузавога транзыту.
Закрыцьцё мяжы для грамадзянаў Беларусі — як гэта можа стрымаць нелегальных мігрантаў і вагнэраўцаў? І ці не атрымаецца так, што гэта ўдарыць па звычайных, законапаслухмяных беларусах зь візамі?
— Гэта і сапраўды абсалютна не зьвязаныя рэчы. Наколькі я разумею нашы ўлады, яны проста хочуць пакараць Беларусь за тое, што беларускія ўлады робяць на мяжы. Беларусь на мяжы сапраўды паводзіць сябе жахліва, гэты міграцыйны крызіс цалкам справакаваны КДБ Беларусі і Лукашэнкам.
Але я асабіста ведаю беларусаў, якія прыяжджаюць у Польшчу да сваіх дзяцей, якія там вучацца. Мне не здаецца, што закрыць цалкам мяжу і пазбавіць гэтых беларусаў магчымасьці сустракацца са сваімі дзецьмі — гэта найлепшы спосаб барацьбы з рэжымам Лукашэнкі.
У такіх падыходах Польшча адрозьніваецца ад большасьці краінаў Эўразьвязу. Мы амаль цалкам закрылі мяжу для расейцаў. Гэта як калі б Захад зачыніў свае межы для палякаў пасьля ўвядзеньня ў Польшчы ваеннага становішча ў 1981 годзе.
Мне здаецца, што такі крок маральна недарэчны і палітычна памылковы.
Тут хачу некалькі словаў сказаць пра расейцаў. Калі мы хочам аслабляць Расею, то эміграцыя з Расеі, асабліва эміграцыя высокакваліфікаваных кадраў — гэта тое, чаму мы павінны дапамагаць і спрыяць.
Тое ж тычыцца і беларусаў. Наш інтарэс палягае ў тым, каб як мага больш беларусаў маглі параўноўваць сваю краіну з Захадам і прыходзілі да высновы, што на Захадзе «круцей», чым у Беларусі. Але я ў Польшчы ў меншасьці.
— А вось гэтая прапанова, ці пагроза, ці папярэджаньне наконт грузавога патоку — ці ўзгодненая гэтая мера з ЭЗ? Немалая частка грузаў ідзе ў трэція краіны ЭЗ. Брусэль даў згоду на гэты крок? Ці ён і непатрэбны, бо Польшча — сувэрэнная дзяржава?
— Я адказу на гэтае пытаньне ня ведаю, але мяркую, што цяперашнім польскім уладам на гэта проста напляваць. Некаторыя нашы левыя апанэнты ўладаў кажуць, што намі кіруюць агенты Масквы, бо нашы ўлады — антызаходнія. Але я з гэтым ня згодны. Намі хутчэй кіруюць дурні, якія не разумеюць, што немагчыма быць адначасна і антырасейскімі, і антызаходнімі. Яны калі і агенты Масквы, то гэта ці не адзіная расейская агентура, якая падаравала Ўкраіне 370 танкаў.
— Пуцін і Лукашэнка абвінавачваюць Польшчу ў плянах захапіць Заходнюю Ўкраіну і Заходнюю Беларусь. На чым яны грунтуюць свае абвінавачаньні? Якая пазыцыя палітычных сіл Польшчы ў гэтым пытаньні?
— Пуцін вельмі любіць паглыбляцца ў гісторыю. Але галоўны спэцыяліст у гісторыі ў яго — Уладзімір Мядзінскі, які плягіятар, а не гісторык. Польшча ніякіх украінскіх земляў ня хоча. Нават самыя вялікія «адмарозкі» ў польскай палітыцы ані Львова, ані іншых украінскіх гарадоў ня хочуць. У польскай палітыцы ёсьць людзі, якія перасьцерагаюцца Ўкраіны. Але яны тым больш ня хочуць украінскіх земляў з прычыны гэтых перасьцярог. Глебы для падобных абвінавачаньняў няма ніякай. Пуцін стаў проста верыць ва ўласную прапаганду.
Я працаваў дыпляматам і, як любы дыплямат, зразумела, быў знаёмы зь людзьмі, якія працавалі на спэцслужбы. Гэтыя людзі падзяляюцца на дзьве катэгорыі: інтэлектуалаў і поўных ідыётаў.
Інтэлектуалы — гэта звычайна тыя, хто працуе ў выведцы, яны вымушаныя займацца складанымі рэчамі. Але Ўладзімір Уладзіміравіч, насуперак легендзе, ніколі выведнікам ня быў. Ён працаваў не ў Заходняй, а ва Ўсходняй Нямеччыне. Ён ніякі не выведнік, ён ніякі не аналітык. І ён не інтэлектуал.