Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Яны вельмі нізка ляталі». Рэпартаж з памежнай польскай Белавежы, над якой заўважылі беларускія вайсковыя верталёты


Памежная польская вёска Белавежа, над якой заўважылі беларускія вайсковыя верталёты
Памежная польская вёска Белавежа, над якой заўважылі беларускія вайсковыя верталёты

Што кажуць жыхары Белавежы пра выпадак, які ўжо стаў прычынай узаемных абвінавачаньняў паміж краінамі.

Белавежа — вялікая вёска на самай мяжы зь Беларусьсю. Гэта турыстычнае месца з мноствам гатэлікаў, кавярняў, драўлянымі хатамі з разьблёнымі аканіцамі, дзе праз адну прапануюць начлег. Тут адміністрацыйны цэнтар Белавескага нацыянальнага парку. Шмат турыстаў на роварах, працуе вялікі роварны пракат, а ўзімку і лыжны. Белавежа мае тыпова беларускі пэйзаж з бусламі, рачулкай Нараўкай, рыбакамі ля вады.

У Белавежы жыве 2–3 тысячы чалавек. Ужо другі дзень вяскоўцаў турбуюць журналісты. Мы не сустрэлі ніводнага чалавека, які б ня чуў нічога пра беларускія верталёты, якія 1 жніўня нібыта пераляцелі цераз польскую мяжу.

Большасьць прызнаецца, што прапусьцілі такую падзею, бо жыхары прызвычаеныя да гуку гелікоптэраў — польскія вайскоўцы рэгулярна аглядаюць мяжу, асабліва ў апошнія два гады, калі пачаўся мігранцкі крызіс. Многія падказваюць, да якіх суседзяў або ў якую кавярню падысьці, дзе могуць расказаць пра здарэньне больш. Ці ня кожны мае прыяцеля або знаёмага знаёмага, які бачыў учорашнія беларускія верталёты на ўласныя вочы. Адзінкі пераконваюць, што ніякіх беларускіх верталётаў над Белавежай не было, і ўсё гэта выдумка.

Вёска Белавежа
Вёска Белавежа

Дзьве пажылыя кабеты на роварах, пачуўшы беларускі акцэнт, заяўляюць, што яны польскія патрыёткі і ня будуць размаўляць зь няпольскімі журналістамі.

Вёска поўніцца размовамі і меркаваньнямі. Адных выпадак усхваляваў, іншыя махаюць рукой, маўляў, такім жыхароў памежжа не напужаць. Знайшлося шмат суразмоўцаў, якія ў гэтай сытуацыі крытыкуюць менавіта польскія ўлады за тое, што яны дазволілі беларускім суднам парушыць паветраную прастору, за слабую рэакцыю на надзвычайнае здарэньне, за тое, што польскія ўлады не адразу паведамілі сваім грамадзянам, што адбылося.

«Будзем бараніцца»

«Калі давядзецца бараніцца, то будзем бараніцца. Тэхніцы навучымся ад украінцаў», — усьміхаюцца рабочыя, якія працуюць на будоўлі на ўскрайку вёскі.

Януш з Гдыні рэгулярна прыяжджае на Падляшша адпачываць. У аўторак, 1 жніўня, ён сядзеў на надворку гатэліка, калі ўбачыў паблізу два верталёты.

Януш з Гдыні
Януш з Гдыні

«Быў час позьняга сьняданьня. Я не глядзеў на гадзіньнік. Гэта былі два верталёты. Адзін можна было пазнаць, бо ён меў спэцыфічную чашу сьпераду, ён нагадваў мне Мі-26 або Мі-24 (на апублікаваных у сеціве фота можна пабачыць Мі-8 і Мі-24 зь беларускай вайсковай афарбоўкай. — РС). Яны ляцелі за 150–200 мэтраў ад сядзібы. Яны былі добра відаць, сонца ў вочы не сьвяціла. Потым толькі мы вызначылі, што гэта за НЛА. Пазьней я размаўляў з уласьнікам рэстарацыі, які казаў, што верталёт праляцеў даслоўна над ім», — расказвае спадар Януш.

Ён дадае, што празь нейкі час ён убачыў ужо польскія верталёты.

Італьянец Марка адпачывае ў вёсцы разам са сваёй дзяўчынай Цэцыліяй. Ён расказвае, што беларускія верталёты бачыла менавіта ягоная дзяўчына.

«Яны праляцелі за 200 мэтраў адсюль. Было каля 8:30 ранку», — паказвае Марка рукой кірунак палёту з боку Беларусі.

Пасьля гэтага, кажа суразмоўца, над вёскай ляталі польскія верталёты цягам 2–3 гадзін. Ён мяркуе, што гэта палітычная сытуацыя. Фатаграфавацца адмаўляецца, каб «ня мець непрыемнасьцяў».

Маладая жанчына, якая жыве на ўскрайку вёскі і не захацела называць свайго імя, расказала Свабодзе, што ейная маці таксама бачыла верталёты.

«Яна казала, што яны ляцелі вельмі нізка, вельмі нізка. Было каля 9-й гадзіны. Пазьней яна даведалася, што гэта беларускія верталёты. Мой брат рабіў здымкі гэтых верталётаў. Мы не зьвярталі ўвагі, бо прывыклі да польскіх верталётаў. Толькі калі спадар, які прадае сувэніры, зьвярнуў на гэта ўвагу, мы павялічылі здымак і ўбачылі», — кажа жанчына.

«Гэта хвалюючая сытуацыя», — дадае ейны муж.

Ежы Бушко
Ежы Бушко

«Я сам бачыў. Яны нізка ляталі. Дзьве штукі. Гэта было каля першай гадзіны. Я бачыў, што на адным зь іх была чырвоная зорка, а на другім ня бачыў, ня буду хлусіць. Я выйшаў з хлява — і дзьве штукі. Нават дачка з Лодзі тэлефанавала», — расказвае Ежы Бушко, які едзе празь Белавежу на ровары.

Польскія ўлады прызналі факт парушэньня мяжы двума беларускімі вайсковымі верталётамі ўвечары 1 жніўня. Беларускае Мінабароны сваю датычнасьць да інцыдэнту адмаўляе, настойваючы, што парушэньня мяжы не было. Ад Белавежы да тэрыторыі Беларусі каля 2 кілямэтраў. У Пэнтагоне заявілі, што інцыдэнт «непакоіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG