Афіцыйны прадстаўнік Пэнтагону Пэт Райдэр 1 жніўня пракамэнтаваў інцыдэнт на польска-беларускай мяжы, калі два беларускія вайсковыя гелікоптэры парушылі польскую паветраную прастору.
У сувязі з інцыдэнтам Райдэр нагадаў, што Злучаныя Штаты нязьменна адданыя абароне бясьпекі краін NATO. Па дэталі ён параіў зьвярнуцца ў польскае міністэрства абароны, паведаміла польскае выданьне «Do Rzeczy».
«Чарговы раз паўтару, што мы вельмі сур’ёзна ставімся да бясьпекі NATO. І мы будзем працягваць працаваць з нашымі хаўрусьнікамі ў NATO, каб гарантаваць, што кожны квадратны сантымэтар тэрыторыі NATO застанецца ў бясьпецы», — сказаў прадстаўнік Пэнтагону.
Польшча заявіла напярэдадні аб тэрміновым разьмяшчэньні войскаў ля сваёй усходняй мяжы, абвінаваціўшы Беларусь, найбліжэйшага хаўрусьніка Расеі, у парушэньні польскай паветранай прасторы. Удзень жыхары памежнай Белавежы паведамілі ў сацыяльных сетках, што ў паветраную прастору краіны заляцелі два беларускія гелікоптэры Мі-8 і Мі-24.
Афіцыйны Менск адмаўляў парушэньні, абвінаваціўшы Варшаву ў тым, што суседняя краіна — сябра NATO «прыдумала» абвінавачаньне, каб апраўдаць нарошчваньне колькасьці сваіх войскаў на мяжы.
Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што накіроўвае да ўсходняй мяжы «дадатковыя сілы і рэсурсы, у тым ліку баявыя гелікоптэры».
Міністар абароны Польшчы праінфармаваў NATO аб парушэньні мяжы, а ў МЗС краіны для тлумачэньняў выклікалі часовага паверанага ў справах Рэспублікі Беларусі.
Польскія вайскоўцы спачатку адмаўлялі паведамленьні аб парушэньні мяжы, але пазьней, пасьля кансультацыяў, заявілі, што ўварваньне адбылося «на вельмі нізкай вышыні, якую цяжка кантраляваць радарам».
У тэлеграм-канале міністэрства абароны Беларусі заявілі, што Варшава зьмяніла сваю думку аб інцыдэнце, «відаць, пасьля кансультацыяў з сваімі заакіянскімі гаспадарамі».
Аляксандар Лукашэнка дазволіў прэзыдэнту Расеі Уладзіміру Пуціну выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі як пляцоўку для ўварваньня ва Ўкраіну, аднак беларускія вайскоўцы не бяруць непасрэднага ўдзелу ў расейскай агрэсіі.
На мінулым тыдні Пуцін абвінаваціў Польшчу ў тэрытарыяльных паквапах на Беларусь і заявіў, што будзе разглядаць усякі напад на Менск як напад на ўласную тэрыторыю.
Лукашэнка 1 жніўня заявіў, што ўлады Польшчы «павінны дзякаваць» яму за тое, што ён трымае пад кантролем наймітаў з ПВК «Вагнэр», дысьлякаваных у Беларусі. «Вагнэраўцы» перабазаваліся ў Беларусь пасьля няўдалага мяцяжу супраць Крамля, узначаленага заснавальнікам ПВК Яўгеніем Прыгожыным.
З таго часу нявызначаная колькасьць «вагнэраўцаў» перабралася ў Беларусь, пачаўшы трэнаваць войска Лукашэнкі. Польшча ўжо перакінула да сваёй усходняй мяжы дадаткова больш за 1000 вайскоўцаў.
У суботу прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі заявіў, што група з 100 баевікоў «Вагнэра» перабазаваліся ў навакольлі Горадні. Маравецкі заявіў, што сытуацыя стае «ўсё больш небясьпечнай».