Паводле польскага боку, 1 жніўня адбылося парушэньне паветранай прасторы Польшчы двума беларускімі верталётамі, якія праводзілі вучэньні паблізу мяжы.
«Перасячэньне мяжы адбывалася ў раёне Белавежы на вельмі нізкай вышыні, што ўскладняла выяўленьне радарамі, — гаворыцца ў заяве Міністэрства абароны Польшчы. — Таму ў ранішнім паведамленьні Апэратыўнае камандаваньне ўзброеных сілаў паведаміла, што польскія радыёлякацыйныя сыстэмы не зафіксавалі парушэньня паветранай прасторы Польшчы».
Міністар абароны Польшчы Марыюш Блашчак загадаў павялічыць колькасьць вайскоўцаў на мяжы і вылучыць дадатковыя сілы і сродкі, у тым ліку баявыя верталёты.
Пра інцыдэнт паведамілі ў NATO.
Міністэрства абароны Беларусі ў адказ заявіла: «Абвінавачаньні ў парушэньні мяжы Польшчы верталётамі Мі-24 і Мі-8 беларускіх ВПС і войскаў СПА зьяўляюцца надуманымі і былі зроблены польскім ваенна-палітычным кіраўніцтвам для чарговага апраўданьня нарошчваньня сіл і сродкаў каля беларускай мяжы».
Расьсьледвальная група «Беларускі Гаюн» зрабіла выснову, што верталёты беларускай арміі маглі заляцець на тэрыторыю Польшчы выпадкова.
Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што да ўчорашняга візыту ў пасёлак Белавежскі Лукашэнка ўжо тры дні жыў непадалёк, у рэзыдэнцыі Віскулі на тэрыторыі Белавежскай пушы. Яны сьцьвярджаюць, што Лукашэнка знаходзіцца там і зараз.
«У тым раёне ніякіх вучэньняў не праводзілася. І верталёты да якіх-небудзь вучэньняў дачыненьня не маюць, а лёталі з мэтай аховы Лукашэнкі. Мы лічым, што пілёты верталётаў ВПС РБ маглі цалкам заляцець на тэрыторыю Польшчы, аднак усё паказвае на тое, што гэта было зроблена выпадкова».
Як паведаміла польскае выданьне Gazeta Wyborcza, верталёты над польскім мястэчкам Белавежа раніцай 1 жніўня заўважыла і сфатаграфавала мясцовая жыхарка Эліза Кавальчык, выклаўшы здымкі на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Увечары Міністэрства замежных спраў Польшчы паведаміла, што выклікала часовага паверанага ў справах Беларусі, каб заявіць рашучы пратэст, і запатрабавала патлумачыць абставіны інцыдэнту. «Польскі бок падкрэсьліў, што інцыдэнт успрымаецца як чарговы элемэнт эскаляцыі напружанасьці на польска-беларускай мяжы. Польшча чакае, што Беларусь устрымаецца ад такіх дзеяньняў».