Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка заявіў, што АПК абмяркуе з Польшчай гуманітарныя калідоры для беларусаў на выпадак закрыцьця мяжы


Закрыты пераход Баброўнікі на мяжы Польшчы і Беларусі. Архіўнае фота
Закрыты пераход Баброўнікі на мяжы Польшчы і Беларусі. Архіўнае фота

Польшча і Літва не выключаюць закрыцьця межаў зь Беларусьсю ў выпадку інцыдэнтаў з ПВК «Вагнэр».

Аб’яднаны пераходны кабінэт (АПК) абмяркуе з польскім бокам захаваньне гуманітарных калідораў для беларусаў у выпадку, калі мяжа зь Беларусьсю будзе цалкам закрытая.

Пра гэта заявіў намесьнік кіраўніка АПК Павел Латушка, піша «Позірк».

З словаў Латушкі, 29 ліпеня ён зьвязаўся з прадстаўніком Міністэрства ўнутраных справаў і адміністрацыі Польшчы.

«Я зьвярнуўся з просьбай, каб у крытычнай сытуацыі — прыняцьці рашэньня аб закрыцьці памежнага руху — застаўся гуманітарны калідор», — паведаміў ён.

У АПК таксама папрасілі працоўную сустрэчу ў МУС і МЗС Польшчы у гэтым пытаньні.

Латушка анансаваў сустрэчы з уладамі іншых краін ЭЗ, каб дабіцца захаваньня гуманітарных калідораў для беларусаў у разе закрыцьця межаў.

Днямі міністар унутраных справаў Польшчы Марыюш Каміньскі заявіў, што, калі ў прымежжы адбудуцца сурʼёзныя інцыдэнты з удзелам ПВК «Вагнэр», Польшча, Латвія і Літва могуць закрыць межы зь Беларусьсю.

Пазьней прэмʼер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі паведаміў, што частка наймітаў «Вагнэра» выйшла ў бок «Сувальскага калідору».

На гэты момант амаль усе пункты пропуску на мяжы Беларусі з Польшчай ужо закрытыя, застаўся толькі памежны пераход «Берасьце» (з польскага боку — «Тарэспаль») для пасажырскага транспарту і «Казловічы» («Кукурыкі») для грузавога.

Пункт пропуску «Кузьніца Беластоцкая» (сумежны ПП «Брузгі» ў Горадзенскай вобласьці) Польшча закрыла ў лістападзе 2021 года праз атаку нелегальных мігрантаў. У лютым 2023-га, пасьля прысуду Андрэю Пачобуту ў Горадні, польскі бок закрыў і пункт пропуску «Баброўнікі».

Мяжа з Літвой і Латвіяй пакуль адкрытая цалкам. Але ў Літве раней ужо заяўлялі, што гатовыя закрыць мяжу зь Беларуссю «ў выпадку зьмены ўзроўню пагрозаў у рэгіёне». Таксама гаварылася, што пасажырскія аўтобусныя рэйсы ў Беларусь могуць скасаваць праз пагрозы нацыянальнай бясьпецы Літвы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG