Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выведка Брытаніі пракамэнтавала перамяшчэньне «вагнэраўцаў» у Беларусь і адсутнасьць у іх цяжкай тэхнікі


Ілюстрацыйнае фота. Вайсковы лягер у вёсцы Цэль пад Асіповічамі, дзе пасьля разьмясьцілі наймітаў ПВК «Вагнэр». 7 ліпеня 2023 году
Ілюстрацыйнае фота. Вайсковы лягер у вёсцы Цэль пад Асіповічамі, дзе пасьля разьмясьцілі наймітаў ПВК «Вагнэр». 7 ліпеня 2023 году

Выведка Вялікай Брытаніі заяўляе, што расейская ПВК «Вагнэр», якая перабралася ў Беларусь, верагодна аддала цяжкую тэхніку, зь якой ваявала ва Ўкраіне, Міністэрству абароны Расеі.

У выведцы адзначылі, што зь сярэдзіны ліпеня 2023 году сама меней некалькі тысяч байцоў ПВК «Вагнэр», верагодна, разьмясьціліся ў вайсковым лягеры ў вёсцы Цэль пад Асіповічамі.

«Здымкі паказваюць, што зь сярэдзіны ліпеня 2023 году сотні транспартных сродкаў прыбылі на раней амаль пустую тэрыторыю. Некаторыя паведамленьні сьведчаць аб тым, што большасьць бачных транспартных сродкаў — гэта грузавікі і мікрааўтобусы зь невялікай колькасьцю баявых браняваных машын. Застаецца незразумелым, што адбылося зь цяжкай тэхнікай „Вагнэра“, якую выкарыстоўвалі ва Ўкраіне; існуе рэальная верагоднасьць таго, што ПВК была вымушаная вярнуць яе расейскім вайскоўцам», — гаворыцца ў паведамленьні.

«Здольнасьць „Вагнэра“ забясьпечыць сабе цяжкую тэхніку і сродкі, такія як паветраны транспарт, стане ключавым фактарам яе будучай баявой эфэктыўнасьці», — падкрэсьлілі ў брытанскай выведцы.

  • «Вагнэр» — расейская прыватная вайсковая кампанія. Фармальна яна не ўваходзіць у склад Узброеных сілаў РФ і не падпарадкоўваецца наўпрост Міністэрству абароны РФ. Аднак прэзыдэнт РФ Уладзімір Пуцін прызнаў, што гэтая ПВК фінансавалася зь дзяржаўнага бюджэту Расеі.
  • Вагнэраўцы бяруць удзел у наземных апэрацыях у Сырыі, Афрыцы і ў вайне з Украінай. Наймітаў падазраюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў.
  • Паводле зьвестак маніторынгавай групы «Беларускі Гаюн», з 11 ліпеня ў Беларусь прыбылі ўжо 13 калён з тэхнікай, якая можа належаць наймітам «Вагнэра».
  • Раней амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны (ISW) заявіў, што найміты ППК «Вагнэр», якія перабазаваліся ў Беларусь, не ўяўляюць ваеннай пагрозы для Польшчы ці Ўкраіны, «прынамсі, пакуль яны ня будуць пераабсталяваныя мэханізаванай тэхнікай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG