Камітэт замежных справаў Эўрапарлямэнту рэкамэндаваў Эўрапейскай палітычнай супольнасьці даць «беларускаму вызвольнаму руху» статус назіральніка.
Аб гэтым на канфэрэнцыі ў Варшаве заявіў намесьнік кіраўніка падкамітэту Эўрапарлямэнта ў абароне і бясьпецы Лукас Мандль.
«Вызваленчы рух Беларусі — гэта нешта ўнікальнае, тое, што мы павінны падтрымліваць», — цытуе Мандля партал PolskieRadio24.pl.
Паводле эўрадэпутата, Беларусь адсутнічае ў Эўрапейскай палітычнай супольнасьці «па зразумелых прычынах»: «Гэта аўтарытарны рэжым з высокай ступеньню жорсткасьці, але ёсьць вызваленчы рух, якому можна даць статус наглядальніка».
Мандль падкрэсьліў, што камітэт прыняў рэкамэндацыю «пераважнай большасьцю галасоў».
Эўрапейская палітычная супольнасьць (EPC) — міжурадавая арганізацыя, створаная ў траўні 2022 году па прапанове прэзыдэнта Францыі Эманюэля Макрона для палітычных і стратэгічных дыскусій.
Задача арганізацыі — даць плятформу для каардынацыі палітыкі ўсіх эўрапейскіх краін і садзейнічаць палітычнаму дыялёгу і супрацоўніцтву для вырашэньня пытаньняў, якія маюць агульны інтарэс, для ўмацаваньня бясьпекі і стабільнасьці ў Эўропе.
На сёньня EPC аб’ядноўвае 45 краін Эўропы, у тым ліку Азэрбайджан, Армэнію, Малдову і Ўкраіну.
Беларусі і Расеі сяброўства ў арганізацыі прапанавана не было.