Спаборнік на атрыманьне ліцэнзіі на мэдыцынскую дзейнасьць у Міністэрства аховы здароўя нібыта падаў падробленыя дакумэнты зь недакладнымі зьвесткамі аб адказных асобах, якія не былі працаўладкаваныя на прадпрыемстве, гаворыцца ў паведамленьні Мінздароўя.
«З мэтай увядзеньня ў зман таксама выкарыстоўваліся дакумэнты аб памяшканьнях і мэдыцынскіх вырабах, якія не адпавядалі рэчаіснасьці, аформленыя на юрыдычную асобу да яе стварэньня і рэгістрацыі», — гаворыцца ў паведамленьні ведамства.
Гэтыя факты разгледзела камісія Міністэрства аховы здароўя, яны знайшлі сваё пацьвярджэньне.
Таму калегія міністэрства прыняла рашэньне спыніць дзеяньне ліцэнзіі УП «Мэдыцынскі цэнтар „Новы зрок“» на мэдыцынскую дзейнасьць з даты яе выдачы, а таксама ліцэнзіі на дзейнасьць, зьвязаную з абарачэньнем наркатычных сродкаў, псыхатропных рэчываў і іх прэкурсараў з 27 ліпеня.
Мінздароўя паведамляе, што на мэдыцынскія цэнтры «Новы зрок» прыпадае ўсяго 1,7% наведваньняў у структуры афтальмалягічнай дапамогі, якая аказваецца ў краіне.
Кваліфікаваным дактарам-афтальмолагам і іншым супрацоўнікам мэдыцынскіх цэнтраў «Новы зрок» будзе прапанавана працаўладкаваньне ў арганізацыях дзяржаўнай сыстэмы аховы здароўя.
На падставе апісанага Калегія Міністэрства аховы здароўя 27 ліпеня 2023 году прынята рашэньне аб спыненьні дзеяньня ліцэнзіі УП «Мэдычны цэнтар „Новы зрок“».
Мэдцэнтар «Новы зрок» у сваю чаргу, у сувязі з рашэньнем Міністэрства аховы здароўя, абвясьціў аб закрыцьці сеткі клінік у Беларусі 28 ліпеня і сыходзе зь беларускага рынку.
«Рашэньнем міністэрства аховы здароўя рэспублікі Беларусь, з 2023-07-28 сетка клінік Новы зрок цалкам спыняе сваю працу і сыходзіць з рынку Рэспублікі Беларусь. Прычына нібыта дапушчаныя 13 гадоў таму ліцэнзійныя патрабаваньні пры падачы дакумэнтаў. Прыносім прабачэньні нашым пацыентам якім не пасьпеем аказаць бездакорную кваліфікаваную дапамогу. Больш за 20 гадоў працы, 0 ускладненьняў, новыя тэхналёгіі. Усё было зроблена для людзей Рэспублікі Беларусь. Дадзенае рашэньне не нашае, а рашэньне ліцэнзійнага органа і мы абавязаныя яму падпарадкавацца», — гаворыцца ў заяве на сайце мэдцэнтра.
У красавіку Дзяржкантроль заявіў, што падазрае «Новы зрок» ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў. На ўладальніка і чатырох супрацоўнікаў клінікі завялі крымінальную справу.
Сьледзтва сьцьвярджае, што пяць гадоў кіраўніцтву і спэцыялістам цэнтру выплачвалі «заробкі ў канвэртах». Агулам нібыта каля 50 чалавек атрымлівалі заробак такім чынам, абыходзячы падаткі.