Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МУС Беларусі Іван Кубракоў сустрэўся з вагнэраўцамі


Найміт з ПВК "Вагнэр" трэніруе беларускага вайскоўца
Найміт з ПВК "Вагнэр" трэніруе беларускага вайскоўца

Міністар унутраных справаў Іван Кубракоў сустрэўся ў навучальным цэнтры ўнутраных войскаў МУС з прадстаўнікамі расейскай прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр».

Як зазначае прэсавая служба МУС, «у мерапрыемстве таксама ўзялі ўдзел кіраўнікі і супрацоўнікі спэцпадразьдзяленьняў ведамства».

Хто на сустрэчы прадстаўляў ПВК, не ўдакладняецца.

На абмеркаваньне, гаворыцца ў паведамленьні, былі вынесеныя «пытаньні ўзаемадзеяньня з прыватнай вайсковай кампаніяй і навучаньня... байцоў МУС яе інструктарамі». У выніку перамоваў «бакі выпрацавалі дакладны плян дзеяньняў, абмяняліся думкамі аб выкарыстаньні некаторых відаў абсталяваньня».

Іван Кубракоў
Іван Кубракоў

Па выніках сустрэчы міністар падкрэсьліў, што «з прычыны няпростай сытуацыі каля межаў рэспублікі асабліва важна быць падрыхтаванымі да адказу на магчымыя выклікі і пагрозы».

Паводле словаў кіраўніка МУС, супрацоўнікі ведамства ўжо пераймаюць «практычны вопыт» вагнэраўцаў, што «мае вялікае значэньне, бо забесьпячэньне бясьпекі і правапарадку, абарона роднай зямлі — бясспрэчныя прыярытэты кожнага, хто носіць пагоны».

14 ліпеня Міністэрства абароны Беларусі заявіла аб выпрацоўцы сумесна з кіраўніцтвам ПВК «Вагнэр» «дарожнай мапы на бліжэйшую пэрспэктыву па падрыхтоўцы і перадачы вопыту паміж падразьдзяленьнямі розных родаў войскаў». У той жа дзень прэсавая служба міністэрства апублікавала відэасюжэт, зь якога вынікала, што вагнэраўцы трэніруюць у Беларусі падразьдзяленьні тэрытарыяльных войскаў.

20 ліпеня вайсковае ведамства паведаміла аб працяглых трэніроўках сілаў спэцыяльных апэрацый з ПВК пад Берасьцем.

На тэрыторыі Беларусі можа знаходзіцца каля 5 тысячаў наймітаў ПВК «Вагнэр», заявіў 22 ліпеня выданьню «Украінская праўда» сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Паводле яго слоў, такая колькасьць «непасрэднай пагрозы не ўяўляе», але сілы абароны краіны «павінныя быць гатовыя да любых сытуацый, у тым ліку да недапушчэньня правакацыяў на мяжы».

Маніторынгавы праект «Беларускі гаюн» 24 ліпеня паведаміў, што на тэрыторыі краіны прынамсі 3,5 тысячы вагнэраўцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG