Экспэрты амэрыканскага Інстытуту вывучэньня вайны (ISW) заявілі аб узмацненьні з боку прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі інфармацыйнай апэрацый, накіраваных супраць заходніх краін.
У справаздачы ISW за 23 ліпеня такім чынам ацанілі заявы Пуціна і Лукашэнкі аб правале ўкраінскага контранаступу і пагрозе для Польшчы і Ўкраіны з боку прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Вагнэр», частка наймітаў якой цяпер знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі.
«Няма ніякіх прыкмет таго, што байцы ПВК „Вагнэр“ у Беларусі маюць цяжкае ўзбраеньне, неабходнае для правядзеньня сур’ёзнага наступу на Ўкраіну ці Польшчу без істотнага пераўзбраеньня, паколькі ўмовай пагадненьня Пуціна — Лукашэнкі — Прыгожына аб спыненьні ўзброенага паўстаньня было тое, што ПВК „Вагнэр“ здаў такую зброю Міністэрству абароны Расеі», — адзначаюць экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны.
У якасьці доказу экспэрты апублікавалі фатаздымкі Maxar галоўнай базы вагнэраўцаў у Цэлі пад Асіповічамі, зробленыя 23 ліпеня. На іх відаць, што сярод транспартных сродкаў ПВК — пераважна сотні легкавых аўтамабіляў, невялікіх грузавікоў і прыкладна 35 паўпрычэпаў.
«Сілы „Вагнэра“ у Беларусі не нясуць ваеннай пагрозы ні для Польшчы, ні для Ўкраіны, пакуль ня будуць пераўзброеныя мэханізаванай тэхнікай. Нават тады яны не зьяўляюцца істотнай пагрозай для NATO», — перакананыя ў ISW.
Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны мяркуюць, што Лукашэнка, гаворачы Пуціну аб групе «Вагнэр» у Беларусі, пэўна, «тонка нагадаў» Пуціну пра пагрозу для таго ад вагнэраўцаў і падкрэсьліў аб кантролі над гэтай сілай.
«Заявы Лукашэнкі, імаверна, мелі на мэце прымусіць Пуціна задумацца над нязручным (для Пуціна) фактам, што новы гарнізон „Вагнэра“ ў Беларусі разьмяшчае свае сілы ўдвая бліжэй да Масквы, чым папярэдняя база на поўдні Расеі. Ранейшая база групоўкі „Вагнэр“ у Краснадарскім краі знаходзілася прыкладна за 1370 кілямэтраў ад Масквы, а яе новая база ў Беларусі знаходзіцца прыблізна за 720 кілямэтраў ля выдатнай вайсковай магістралі», — адзначаюць экспэрты ў сваёй справаздачы.
23 ліпеня Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка выказалі думку, што Польшча мае намер захапіць частку заходняй Украіны.
Прысутнасьць у Беларусі баевікоў ПВК «Вагнэр» прымусіла Польшчу і Ўкраіны ўмацаваць мяжу.
У чэрвені ПВК «Вагнэр» ажыцьцявіла спробу мяцяжу супраць расейскага вайсковага камандаваньня. Аляксандар Лукашэнка выступіў у якасьці пасярэдніка паміж бакамі і спрыяў дасягненьню дамоўленасьці аб спыненьні мяцяжу.