У супаваджальным тэкстце гаворыцца:
«Салідарнасьць беларусаў працягвае ўражваць! Падпісанты «Годна» — беларускія музыкі, якія захацелі застацца ананімнымі з прычыны бясьпекі... запісалі ролік на песьню Максіма Знака "Будзе Дзень«.Таленавіты чалавек таленавіты ва ўсім. Ці ведалі вы, што палітзьняволены адвакат Максім Знак яшчэ і бард, ён піша і сьпявае песні? 30 ліпеня 2020 году мітынг на плошчы Бангалор наведалі 16 тысяч беларусаў, якія вераць у перамены. Максім Знак засьпяваў тады песьню «Будзе дзень». Сёньня Знак сядзіць у калёніі ў Віцебску, дзе адбывае 10 гадоў пакараньня, але салідарнасьць зь ім трывае».
Максім Знак — адвакат, члена асноўнага складу Каардынацыйнай рады і яе прэзыдыюму. 6 верасьня 2021 году Менскім абласным судом прызнаны вінаватым «у змове, зьдзейсьненай з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, стварэньні і кіраўніцтве экстрэмісцкім фармаваньнем, а таксама ў публічных закліках да захопу дзяржаўнай улады і іншых дзеяньнях, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту».
Атрымаў 10 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.
У зьняволеньні Максім Знак напісаў ужо тры кніга. Леташняя яго кніга «Зэкамэрон» увайшла ў лік найлепшых кніг 2022 году па вэрсіі экспэртаў Радыё Свабода.
Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку
Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.
Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:
- змова з мэтай захопу ўлады;
- заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
- стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.
Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.
Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.