Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі атрымаў фінансавую дапамогу і зможа прайсьці ў ранейшым фармаце


Матэрыялы кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота
Матэрыялы кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі. Ілюстрацыйнае фота

Раней Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі заявіў аб пераводзе часткі праграмы ў онлайн-фармат праз брак фінансаваньня.

Пасьля зьяўленьня інфармацыі аб сёлетнім скарачэньні фінансавай падтрымкі Кангрэсу галоўнымі партнэрамі, ад чаго праца некаторых сэкцый мусіла быць урэзаная, узьнялася хваля падтрымкі, і гэта памяняла іх папярэднія пляны, паведамілі арганізатары.

«У папярэднім публічным звароце мы паведамілі пра складаную сытуацыю, якая паўстала зь фінансаваньнем Кангрэсу, у сувязі з чым было прынятае няпростае рашэньне пра перавод некалькіх сэкцый Кангрэсу (культурніцкай скіраванасьці) у онлайн-рэжым. Гэтае рашэньне выклікала публічную дыскусію і хвалю падтрымкі ў бок Арганізацыйнага камітэту. Мы шчыра ўдзячныя ўсім, хто зьвярнуўся з прапановамі дапамогі, бо выявілася, што Кангрэс — гэта сапраўды важная зьява для беларускай навукі, для беларускага грамадзтва, для нашай супольнасьці.

Мы рады абвесьціць, што прапанаваная дапамога дазваляе нам вярнуць усе сэкцыі ў звычайны рэжым. Выбачаемся, што сытуацыя склалася такім складаным чынам, але спадзяёмся і на аднаўленьне працы ўсіх сэкцый і панэляў, як гэта было першапачаткова заплянавана», — гаворыцца ў звароце арганізатараў.

XI Міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі плянуецца ў Гданьску 22–24 верасьня. Праца Кангрэсу заплянаваная па 14 дасьледчых панэлях, якія ўключаюць усе асноўныя сацыяльныя і гуманітарныя дысцыпліны: гісторыю, міжнародныя адносіны, паліталёгію, сацыялёгію, лінгвістыку, літаратуразнаўства ды іншыя кірункі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG