Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАР папрасіў у Міжнароднага крымінальнага суду дазволу не арыштоўваць Пуціна


Сірыл Рамапоса і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота
Сірыл Рамапоса і Ўладзімір Пуцін. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі (ПАР) Сірыл Рамапоса папрасіў у Міжнароднага крымінальнага суду (МКС) дазволу не арыштоўваць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Кіраўнік ПАР зрабіў такую заяву ў адказе на судовы пазоў, пададзены апазыцыйным «Дэмакратычным альянсам» з мэтай прымусіць урад арыштаваць расейскага прэзыдэнта, калі той прыедзе ў Ёханэсбур на саміт BRICS. Па словах Рамапосы, арышт Пуціна будзе раўнасільны абвяшчэньню вайны, паведамляе Reuters.

«У ПАР ёсьць відавочныя праблемы з выкананьнем просьбы аб арышце і выдачы прэзыдэнта Пуціна. Расея ясна дала зразумець, што арышт яе дзейнага прэзыдэнта будзе абвяшчэньнем вайны», — гаворыцца ў заяве Рамапосы. Ён удакладніў, што ініцыяваў кансультацыі з МКС па гэтым пытаньні, але ня можа раскрыць падрабязнасьці.

У сакавіку МКС выдаў ордэр на арышт прэзыдэнта РФ Уладзіміра Пуціна па падазрэньні ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з непадкантрольных Кіеву тэрыторыяў у Расею.

Саміт краінаў БРІКС, на які запрошаны Ўладзімір Пуцін, адбудзецца ў жніўні. ПАР уваходзіць у лік краін, якія падпісалі Рымскі статут, што абавязвае яе выконваць рашэньні МКС і арыштаваць Пуціна па прыезьдзе.

Раней віцэ-прэзыдэнт ПАР Пол Машаціле заявіў, што ўлады краіны пераконваюць Пуціна не прыяжджаць на саміт. Разам з тым, паводле зьвестак паўднёваафрыканскіх уладаў, Масква выказалася супраць прапановы, каб расейскую дэлегацыю на саміце ўзначальваў кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў, а Індыя і Бразылія выказаліся супраць пераносу мерапрыемства ў Кітай.

Крэмль, са свайго боку, заявіў, што фармат удзелу расейскага прэзыдэнта ў сустрэчы ў Ёханэсбургу пакуль не вызначаны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG