Аўтобус кампаніі PL Int выехаў 7 ліпеня са сталіцы Літвы па раскладзе ў 17.00 і меўся быць у Менску ў 21.00. Што адбывалася далей, расказвае чытачка «Зеркала»:
— На літоўскай мяжы ўсё было добра, прапусьцілі без праблем. На беларускай пачалося: супрацоўнікі сказалі чакаць, некуды пайшлі, і ў выніку аўтобус прастаяў чатыры гадзіны! Потым яны вярнуліся і сказалі чакаць яшчэ. Каля паўночы да пасажыраў падышоў памежнік і сказаў выходзіць разам з рэчамі. Пункт пропуску «Каменны Лог» не прызначаны для пераходу мяжы пешшу, але супрацоўнік прайшоў яго разам з пасажырамі. Памежнік сказаў: «Дзякуйце за гэта сваёй Літве».
Па словах суразмоўцы партала, прычынай прыпынку аўтобуса стала прэтэнзія памежнікаў да кіроўцы — той нібыта вёз кантрабанду. Хоць сам кіроўца тлумачыў, што гэта стандартныя запчасткі на выпадак паломкі транспарту.
У кампаніі PL Int «Зеркалу» расказалі, што такі інцыдэнт на мяжы сапраўды быў. Па словах прадстаўніка перавозчыка, кіроўцу спынілі нібыта з прычыны кантрабанды:
— У аўтобусе знайшлі нейкія рэчы, якія нельга было везьці. Тамака былі запчасткі. Чаму праз гэта затрымалі... Недэкляраванае, атрымліваецца, было. З кіроўцам нічога [ня здарылася], яго вярнулі назад. Потым ён зноў паехаў у Беларусь, і больш праблемаў ніякіх не было. Такое з намі першы раз, але пасьля гэтага інцыдэнту наступстваў ніякіх не было. У пасажыраў былі прэтэнзіі, але ўсё ўдалося вырашыць: вярнулі грошы.
Такі камэнтар даў прадстаўнік Смаргонскай памежнай групы:
— У адносінах да грамадзян праведзены пагранічны кантроль, людзі перасеклі мяжу. Пасьля прапановы ім дапамогі па пасадцы ў аўтобусы сказалі, што едуць самастойна... З боку памежнікаў людзям была прапанаваная пасадка ў аўтобусы, якія ехалі празь дзяржаўную мяжу.