Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На ўдзельнікаў акцыі памяці Алеся Пушкіна каля амбасады Беларусі ў Лёндане двойчы выклікалі паліцыю


Акцыя беларусаў памяці Алеся Пушкіна каля амбасады Рэспублікі Беларусь у Лёндане
Акцыя беларусаў памяці Алеся Пушкіна каля амбасады Рэспублікі Беларусь у Лёндане

У сераду 12 ліпеня беларусы Вялікай Брытаніі сабраліся каля амбасады Беларусі ў Лёндане, каб ушанаваць памяць Алеся Пушкіна. Падчас акцыі супрацоўнікі амбасады выклікалі паліцыю.

Як піша тэлеграм-канал «Новы Час», паліцыянты сказалі, што беларусы маюць права ўшанаваць памяць забітага рэжымам беларускага мастака, і зьехалі.

Тады супрацоўнікі амбасады другі раз выклікалі паліцыю. Паліцыянты зноў прыехалі і паўтарылі ранейшае тлумачэньне, што беларусы маюць права на акцыі памяці беларускага мастака пад беларускай амбасадай.

11 ліпеня ў рэанімацыі пры нявысьветленых абставінах памёр палітычны вязень, мастак Алесь Пушкін.

Як расказала Свабодзе абазнаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кіляграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясьніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле інфармацыі крыніцы Свабоды, Алеся Пушкіна даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні непрытомнага. Яму рабілі апэрацыю, падчас якой сэрца мастака спынілася.

Прысуд яму вынесла судзьдзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандар Кароль. Падчас закрытага працэсу Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.

Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 11 лістапада судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG