Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трохгадзінны стрым памяці Алеся Пушкіна. УЖЫВУЮ


Алесь Пушкін, 2020 год
Алесь Пушкін, 2020 год

Беларуская Рада культуры праводзіць трохгадзінны стрым памяці мастака, палітычнага вязьня Алеся Пушкіна.

У 3-гадзінным стрыме будуць дакумэнтальныя фільмы пра Алеся Пушкіна, ягоныя архіўныя відэазапісы, а таксама выступы беларускіх музыкаў, прысьвечаныя мастаку і палітвязьню.

«Многія беларусы, якія ведалі творцу асабіста, якія шануюць яго за цьвёрдую грамадзянскую пазыцыю і выбітны мастацкі талент, не маюць магчымасьці сёньня разьвітацца з Алесем Пушкіным: прыехаць на яго пахаваньне, абняць яго блізкіх ды ўскласьці кветкі на яго магілу», — пішуць арганізатары стрыму.

«Але мы падрыхтавалі гэтую трансьляцыю-разьвітаньне, рэквіем па яскравым творцы, самаадданым беларусе, чыё сэрца назаўжды спынілася. Можна глядзець разам — за жалобным сталом, можна ўзгадваць Алеся Пушкіна на адзіноце. Якім ён быў і якім назаўжды застанецца ў нашай памяці. Энэргічным, гучным, крэатыўным, бескампрамісным».

Стрым пачнецца на канале Беларускай Рады культуры а 20-й гадзіне менскага часу 13 ліпеня.

11 ліпеня ў рэанімацыі пры нявысьветленых абставінах памёр палітычны вязень, мастак Алесь Пушкін.

Як расказала Свабодзе абазнаная крыніца, Алесь Пушкін пісаў у апошніх лістах, што за кароткі час схуднеў на 20 кіляграмаў. Да таго ж ён прасіў перадаць яму пояс для паясьніцы, бо яму балелі ныркі. Паводле інфармацыі крыніцы Свабоды, Алеся Пушкіна даставілі ў шпіталь хуткай дапамогі ў Горадні непрытомнага. Яму рабілі апэрацыю, падчас якой сэрца мастака спынілася.

Прысуд яму вынесла судзьдзя Алена Шылько, пракурорам па справе быў Аляксандар Кароль. Падчас закрытага працэсу Алесь Пушкін парэзаў сабе жывот на знак пратэсту.

Пакараньне Пушкін адбываў у Івацэвіцкай калёніі. 11 лістапада судзьдзя Івацэвіцкага раёну Аляксандар Кірыловіч пастанавіў перавесьці Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. 22 лістапада 2022-га Алеся Пушкіна перавялі ў горадзенскую турму № 1 на строгі рэжым.

Алеся Пушкіна пахавалі 13 ліпеня ў вёсцы Бобр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG