Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У чэрвені 36 беларусаў асудзілі пасьля надгляду і затрыманьня на мяжы


Затрыманьне. Архіўнае фота
Затрыманьне. Архіўнае фота

У чэрвені «Вясьне» стала вядома сама меней пра 560 выпадкаў затрыманьняў.

У Беларусі цягам трох гадоў сілавікі штодзённа робяць адвольныя затрыманьні беларусаў, пагромы ў іх кватэрах. Некаторых затрыманых б'юць, адпраўляюць на «суткі», а потым неаднаразова перазатрымліваюць у межах новых справаў, паведамляюць праваабаронцы. У чэрвені «Вясьне» стала вядома мінімум пра 560 выпадкаў затрыманьняў — прыкладна па 18 чалавек штодня.

Судзьдзі прызначылі 184 адміністрацыйныя арышты і 151 штраф. Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у чэрвені значна павялічылася колькасьць затрыманых пасьля перасячэньня мяжы зь Беларусьсю — такіх было ня менш за 36 чалавек, якіх асудзілі за «экстрэмісцкія» падпіскі і рэпосты.

Праваабаронцы сьведчаць, што за апошнія некалькі месяцаў сытуацыя на межах Беларусі значна пагоршылася — людзі сутыкаюцца з поўным надглядам рэчаў, допытамі супрацоўнікамі КДБ, праверкай тэлефонаў, а таксама іх просяць паказаць дазволы на жыхарства іншых краін, пасьля чаго фатаграфуюць і скануюць дакумэнты.

Часам людзей затрымліваюць проста на мяжы ў адміністрацыйных і крымінальных справах. Калі ў тэлефоне знойдуць «экстрэмісцкія» рэпосты або падпіскі, фота ці відэа з пратэстаў, бел-чырвона-белую сымболіку, то чалавека здымаюць з аўтобуса, надзяваюць кайданкі і адвозяць у найбліжэйшы ІЧУ да суду.

Так, па дадзеных «Вясны», у чэрвені над затрыманымі на мяжы адбыліся суды ў васьмі прымежных гарадах і мястэчках па ўсёй Беларусі: у Воранаве, Астраўцы, Ашмянах, Браславе, Лёзьне, Гарадку, Дуброўне, Берасьці.

  • Напрыклад, толькі ў Воранаве, побач зь якім знаходзіцца прапускны пункт Беняконі (мяжа зь Літвой), адбылося ня менш за 13 судоў паводле арт. 19.11 КаАП («Распаўсюджаньне экстрэмісцкіх матэрыялаў»). У выніку чаго 12 чалавек пакаралі штрафамі ў памеры ад 15 да 25 базавых велічыняў (555–925 рублёў), яшчэ двух мужчын арыштавалі на 5 і 15 дзён.
  • У Астраўцы цягам мінулага месяца асудзілі чатырох мужчын — іх затрымалі ў пункце пропуску «Лоша» і пазьней абвінавацілі ў падпісках у Telegram на «экстрэмісцкія» каналы. Суд Астравецкага раёну аштрафаваў трох мужчын на 20 базавых велічыняў (740 рублёў), а студэнта — на 30 базавых велічыняў (1110 рублёў).
  • Суд Ашмянскага раёну прызначыў вялікія штрафы чатыром беларусам, затрыманым падчас праверкі ў пункце пропуску «Каменны лог». Іх таксама прызналі вінаватымі ў «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў».
  • У Браславе на пачатку чэрвеня адбыўся суд над мужчынам, якога затрымалі на мяжы зь Літвой у пункце пропуску «Відзы». Яго абвінавацілі паводле арт. 19.11 КаАП за падпіскі на «экстрэмісцкія» акаўнты ў Instagram.
  • Паводле матэрыялаў справы, пасьля праверкі тэлефона на мяжы супрацоўнікі патэлефанавалі ў Браслаўскі РАУС з паведамленьнем пра затрыманьне мужчыны за «распаўсюд экстрэмізму». Туды адразу выехалі супрацоўнікі РАУС, забралі мужчыну і зьмясьцілі яго пад варту да суду. Суд прызначыў беларусу 15 дзён арышту.

Акрамя гэтага, у мінулым месяцы асудзілі ня менш за 13 чалавек, затрыманых на беларуска-расейскай мяжы.

Так, напрыклад, супрацоўніка ААТ «Нафтан» Мікіту Белавусава аштрафавалі за распаўсюд «экстрэмізму» — яго знайшлі памежнікі на беларуска-расейскай мяжы.

Аднаго з мужчын адправілі за краты за рэпост з тэлеграм-канала «Павел Латушка» паведамленьня «Президент Зеленский белорусам». На судзе мужчына патлумачыў, што ня ведаў аб прызнаньні гэтага канала «экстрэмісцкім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG