Уначы 5 ліпеня стала вядома, што Немаў і Мілашына вярнуліся ў Маскву. Па дадзеных «Новай газеты», Мілашына прайшла абсьледаваньне ў маскоўскай клініцы, дзе ў яе дыягнаставалі закрытую чэрапна-мазгавую траўму, да 14 пераломаў кісьцяў рук і множныя ўшыбы мяккіх тканак.
Справа па факце нападу на журналістку «Новой газеты» Алену Мілашыну і адваката Аляксандра Немава заведзеная па артыкулах аб наўмысным прычыненьні сярэдняй цяжкасьці шкоды здароўю і наўмысным прычыненьні лёгкай шкоды здароўю, паведаміў Сьледчы камітэт Расеі.
«Сьледчай групай праводзіцца комплекс сьледчых дзеяньняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на выяўленьне асоб, якія маюць дачыненьне да гэтага злачынства, і ўсіх акалічнасьцяў здарэньня», — гаворыцца ў паведамленьні расейскага ведамства.
Мілашына і Немаў прыляцелі ў Грозны 4 ліпеня на абвяшчэньне прысуду Зарэме Мусаевай, маці перасьледаваных чачэнскіх актывістаў Абубакара, Ібрагіма і Байсангура Янгулбаевых і жонцы экс-судзьдзі Вярхоўнага суду Сайдзі Янгулбаева.
Як расказаў «Настоящему времени» старшыня «Каманды супраць катаваньняў» Сяргей Бабінец, які таксама знаходзіўся ў Грозным 4 ліпеня, на адваката і журналістку напалі, калі яны ехалі ў таксі з аэрапорта ў Грозны. Па дарозе машыну заблякавалі ўзброеныя людзі ў чорных балаклавах. Мілашыну і Немава моцна зьбілі, у тым ліку нагамі і поліпрапіленавымі трубамі, Мілашынай пагалілі валасы і аблілі ёй твар зялёнкай. Таксама ў Мілашынай і Немава адабралі і разграмілі тэхніку — пасьля таго як яны адмовіліся разблякаваць тэлефоны і кампутары.
Што сказалі ў Грозным
Кіраўнік Чачэніі Рамзан Кадыраў пракамэнтаваў напад толькі вечарам у аўторак, не называючы імёнаў пацярпелых:
«Разьбяромся. Даў даручэньне кампэтэнтным службам прыкласьці ўсе намаганьні, каб устанавіць асобы тых, хто нападаў».
Упаўнаважаны па правах чалавека ў Чачэніі Мансур Салтаеў назваў напад на Мілашыну і Немава «дывэрсіяй і правакацыяй супраць Чачэніі», а міністар друку Чачэніі Ахмед Дудаеў заявіў, што ў справе прасочваецца «характэрны почырк заходніх спэцслужбаў».
У Чачэніі і раней нападалі на журналістаў і праваабаронцаў, якія расьсьледавалі выпадкі парушэньня правоў чалавека людзьмі, блізкімі да Кадырава. Улады Чачэніі ніколі свайго дачыненьня да гэтых нападаў не прызнавалі.