Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чачэніі пабілі журналістку «Новой газеты» і адваката, паламалі пальцы, аблілі зялёнкай


Журналістка Алена Мілашына ў шпіталі ў Грозным. 4 ліпеня 2023
Журналістка Алена Мілашына ў шпіталі ў Грозным. 4 ліпеня 2023

Журналістка Алена Мілашына і адвакат Аляксандар Немаў прыляцелі на прысуд маці перасьледаваных чачэнскіх актывістаў Янгулбаевых Зарэме Мусаевай, якую летась ў студзені зь Ніжняга Ноўгарада выкралі чачэнскія сілавікі.

У Чачэніі невядомыя напалі на журналістку «Новой газеты» Алену Мілашыну і адваката Аляксандра Немава. Пра гэта паведамляюць праваабаронцы з «Каманды супраць катаваньняў».

Мілашына і Немаў прыляцелі на прысуд маці перасьледаваных чачэнскіх актывістаў Абубакара, Ібрагіма і Байсангура Янгулбаевых і жонцы экс-судзьдзі Вярхоўнага суду Сайдзі Янгулбаева Зарэме Мусаевай, якую ў студзені 2022 году зь Ніжняга Ноўгараду выкралі чачэнскія сілавікі. Абвінавачаньне 15 чэрвеня запрасіла для яе 5,5 года калёніі.

Аўтамабіль адваката і журналісткі блякавалі ўзброеныя людзі па дарозе з аэрапорта. Мілашыну і Нёмава моцна пабілі, адабралі і разграмілі тэхніку.

Аляксандр Немаў пазьней расказаў, што шлях з аэрапорта ў Грозным ім заступілі тры аўтамабілі. Узброеныя людзі жорстка пабілі журналістку і адваката нагамі, у тым ліку па твары. Па словах Немава, нападнікі таксама пагражалі іх застрэліць, прыстаўлялі пісталет да галавы і казалі: «Вас папярэджвалі. Едзьце адсюль і нічога не пішыце».

«У Алены Мілашынай зламаныя пальцы, пасьля біцьця яна страціла прытомнасьць. Акрамя гэтага, дыягнаставаныя шматлікія ўдары», — перадае зь месца падзей журналістка «Осторожно Media».

Паводле кіраўніка праекту «Каманда супраць катаваньняў» Сяргея Бабінца, у Аляксандра Немава, падобна, нажавое раненьне нагі.

«Аляксандра Немава, як мы разумеем, ударылі нечым вострым, магчыма, нажом у нагу, і яму цяпер наклалі швы. Абаіх білі нагамі, рукамі, поліпрапіленавымі трубамі, нагадвалі ім усю іхную актыўнасць: працу, суды, працэсы, на якія яны езьдзілі, пра што Алена Мілашына пісала. Гэта значыць, мяркуючы па ўсім, гэта відавочна не бандыцкі напад. Гэта напад за іх дзейнасьць», — падкрэсьліў Бабінец у сваім відэазвароце.

  • Падобны інцыдэнт з пабіцьцём журналістаў адбыўся ў сакавіку 2016 году ў Інгушэціі. Тады невядомыя напалі на мікрааўтобус, у якім, акрамя кіроўцы, знаходзіліся прэс-сакратар «Камітэту прадухіленьня катаваньняў» Іван Жыльцоў, юрыстка-міжнародніца Кацярына Ванслова, карэспандэнт нарвэскага выданьня Ny Tid Эйстэйн Віндстад, Марыя Пэшсан Лёфгрэн з «Швэдзкага радыё», карэспандэнт «Медиазоны» Ягор Скаварада, журналістка New Times Аляксандра Ялагіна, блогер Міхаіл Салунін і экс-супрацоўнік «Коммерсанта» Антон Прусакоў. Усе, хто нападаў — каля 20 чалавек у масках — білі журналістаў і праваабаронцаў палкамі і крычалі: «Вам няма чаго рабіць у Грозным!». У выніку нападу журналісты і праваабаронцы атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці, нападнікі разьбілі іхную тэхніку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG