Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская папрасіла Сэнат Італіі дапамагчы са стварэньнем трыбуналу над Лукашэнкам


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская зьвярнулася да Сэнату Італіі з просьбай пераканаць урад краіны і міжнародныя арганізацыі ініцыяваць трыбунал над Аляксандрам Лукашэнкам.

Галоўны дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка паведаміў BPN, што адпаведная просьба да членаў верхняй палаты італьянскага парлямэнту прагучала 5 ліпеня ў Рыме на слуханьнях у сэнацкім Камітэце па замежных справах і абароне.

«Насьпеў час прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным, — сказала Ціханоўская. — Насьпеў час увесьці разгромныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і [прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра] Пуціна. Ня толькі за ўварваньне ва Ўкраіну, але і за падрыў сувэрэнітэту Беларусі».

«Мы павінны прыцягнуць да адказнасьці ўсіх вінаватых. Усіх, хто ўдзельнічаў у рэпрэсіях і ў вайне [Расеі супраць Украіны]. Мы атрымалі доказы таго, што рэжым Лукашэнкі быў уцягнуты ў дэпартацыю сірот з акупаваных раёнаў Украіны ў Беларусь. Усяго некалькі месяцаў таму Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт Пуціна. Тое ж самае павінна быць зроблена ў дачыненьні да Лукашэнкі і яго набліжаных», — дадала яна.

Палітык папрасіла італьянскіх сэнатараў падтрымаць беларускія дэмсілы ў парлямэнцкіх асамблеях Рады Эўропы, АБСЭ і NATO.

«Трэба, каб увесь сьвет выступіў адзіным фронтам за свабодную, незалежную і эўрапейскую Беларусь», — падкрэсьліла яна.

У Італіі ўжо дзейнічае праграма рэабілітацыі дзяцей палітвязьняў, Ціханоўская заклікала парлямэнтарыяў прасоўваць гэтую ініцыятыву ў сваіх рэгіёнах, а таксама садзейнічаць мабільнасьці беларусаў.

Палітык зьвярнула ўвагу на важнасьць умацаваньня эўрапейскай ідэнтычнасьці праз «падтрымку беларускай мовы, культуры і наладжваньне сувязяў паміж людзьмі».

«Калі вы бачыце магчымасьць запрасіць [у Італію] беларускіх пісьменьнікаў, мастакоў або навукоўцаў на мерапрыемствы або [распаўсюдзіць на іх] стыпэндыі, гэта будзе ваш унёсак у будучую эўрапейскую Беларусь», — заявіла яна.

Ціханоўская падкрэсьліла, што беларусы належаць да эўрапейскай цывілізацыі, але іх гістарычная памяць цяпер «пад ударам».

«Рэжым Лукашэнкі пры падтрымцы Пуціна спрабуе зьнішчыць нашую ідэнтычнасьць і перапісаць гісторыю. „Вы належыце Расеі, не Эўропе“, — кажуць яны. За дэманстрацыю нацыянальнага сьцяга або нават размову на беларускай мове можна зазнаць пакараньне», — сказала яна.

Парлямэнцкая асамблея АБСЭ, нагадала палітык, апісала тое, што адбываецца ў краіне, як «мяккую акупацыю Беларусі Расеяй».

Паводле слоў Ціханоўскай, «Расея ня бачыць ні Беларусь, ні Ўкраіну незалежнымі краінамі, яе адзіная мэта — калянізаваць нас».

«Расея баіцца, што Беларусь і Ўкраіна стануць эўрапейскімі дэмакратычнымі краінамі, яна ваюе супраць нас, нашай ідэнтычнасьці і каштоўнасьцяў», — канстатавала дэмлідэрка.

«9 жніўня мы будзем адзначаць трэцюю гадавіну пачатку нашага мірнага паўстаньня. І я заклікаю вас адзначыць гэты дзень, праявіўшы сваю салідарнасьць зь беларусамі», — дадала яна.

Ціханоўская падзякавала за стварэньне групы «За дэмакратычную Беларусь» у парлямэнце Італіі, выказаўшы надзею, што тая аб’яднае «прадстаўнікоў абедзьвюх палат і розных палітычных партый, як кіруючых, так і апазыцыйных».

На сустрэчы з італьянскімі сэнатарамі палітык падрабязна расказала пра крызіс у Беларусі, які пачаўся пасьля фальсыфікацыі прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, антываенную пазыцыю і падтрымку Ўкраіны, праблемы палітвязьняў, пагрозу незалежнасьці краіны праз ролю рэжыму Лукашэнкі ў вайне супраць украінскага народу, патэнцыйнае разьмяшчэньне ў краіне ядзернай зброі і прыбыцьцё наймітаў расейскай ПВК «Вагнэр».

  • Афіцыйны візыт Ціханоўскай у Італію праходзіць 5–7 ліпеня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG