Аляксандар Лукашэнка можа здрадзіць расейскаму найміту Яўгенію Прыгожыну, нягледзячы на тое, што прапанаваў яму прытулак пасьля спыненага мяцяжу, заявіла лідэрка беларускай апазыцыі ў выгнаньні Сьвятлана Ціханоўская ў інтэрвію AFP у Брусэлі:
«Яны не саюзьнікі. Яны ня могуць давяраць адзін аднаму. У любы момант Лукашэнка можа здрадзіць Прыгожыну, Прыгожын можа здрадзіць Лукашэнку», — сказала Ціханоўская.
27 чэрвеня Лукашэнка заявіў, што Прыгожын прыляцеў у Беларусь у рамках пагадненьня, пасярэднікам якога ён сам выступаў, каб спыніць узброены мяцеж групоўкі наймітаў «Вагнэр», якая стала найбольшым выклікам кіраваньню прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.
Ціханоўская настойвае на тым, што крок Лукашэнкі па дапамозе Пуціну быў «шлюбам па разьліку», накіраваным на выратаваньне яго ўласнага рэжыму ў Беларусі:
«Ён дзейнічаў ня толькі для таго, каб выратаваць твар Пуціна ці выратаваць Прыгожына, ці не дапусьціць грамадзянскай вайны ў Расеі. Ён клапаціўся толькі пра сваё асабістае выжываньне, таму што Лукашэнка ведае, што калі ўлада ў Расеі будзе мітусіцца, то наступным будзе Лукашэнка», — сказала яна.
Сьвятлана Ціханоўская, чый муж Сяргей знаходзіцца ў турме ў Беларусі, заявіла, што калі Прыгожын і яго баевікі ПВК масава пераедуць у Беларусь, гэта можа пагражаць усёй Эўропе:
«Знаходжаньне самога Прыгожына або групоўкі „Вагнэр“ на нашай тэрыторыі стварае пагрозу ў першую чаргу народу Беларусі і нашай незалежнасьці. Больш за тое, яе прысутнасьць можа стварыць пагрозу для Ўкраіны, а таксама для нашых заходніх суседзяў», — сказала яна.
Прыгожын, былы хаўрусьнік Крамля і падрадчык грамадзкага харчаваньня, стварыў самую моцную прыватную армію Расеі і завэрбаваў тысячы вязьняў для барацьбы ва Ўкраіне. Ціханоўская асудзіла тое, што Лукашэнку выстаўляюць «міратворцам» пасьля таго, як ён нібыта дапамог разьвязаць крызіс.
Яна папярэдзіла, што ён можа выкарыстоўваць сілы «Вагнэр» для далейшага задушэньня любога іншадумства:
«Гэта той чалавек, які прывёў на нашу зямлю гвалтаўнікоў і забойцаў. Што гэтыя людзі будуць рабіць у нашай краіне? Вось вялікае пытаньне. Як яны сябе будуць паводзіць?», — сказала Ціханоўская.
«Недахоп увагі»
Ціханоўская раскрытыкавала Захад за «адсутнасьць увагі» да сытуацыі ў Беларусі, паколькі краіна ўсё больш трапляе пад уплыў Масквы пасьля таго, як Пуцін падтрымаў Лухашэнку. Яна сказала, што адмова міжнароднай супольнасьці рашуча адрэагаваць на перамяшчэньне Расеяй ядзернай зброі ў Беларусь падбадзёрыла Маскву і Менск:
«Мы ўсё яшчэ чакаем адказу аб разьмяшчэньні ядзернай зброі на нашай тэрыторыі. Калі сьвет замоўчвае такі важны момант, гэта ўспрымаецца дыктатарамі як слабасьць», — сказала яна.
Прайшоў больш як год з таго часу, як Эўразьвяз у апошні раз увёў санкцыі супраць беларускага рэжыму за яго ролю ў дапамозе ўварваньню Масквы ва Ўкраіну. Раней блёк неаднаразова ўводзіў у дачыненьні да Менску санкцыі за жорсткае задушэньне пратэстаў. Краіны – сябры ЭЗ спрачаліся аб новых мерах на працягу некалькіх месяцаў, але не змаглі дамовіцца.
Ціханоўская сказала, што прыезд групоўкі «Вагнэр» ў Беларусь можа даць новы імпульс для далейшых санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі.