Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская заклікала сьвет аб’яднацца дзеля дэмакратычнай Беларусі


Сьвятлана Ціханоўская ў Рэйк'явіку, 2023 год
Сьвятлана Ціханоўская ў Рэйк'явіку, 2023 год

Сьвет павінен аб’яднацца дзеля дэмакратычнай Беларусі і падтрымліваць беларусаў, якія абараняюць свой сувэрэнітэт, напісала 26 чэрвеня ў Твітэры дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская.

«Гэта барацьба за будучыню ўсёй Эўропы. Тое, што адбываецца ў Беларусі, цяпер важней, чым калі-небудзь», — заявіла Ціханоўская.

Яна падкрэсьліла, што «беларусы ня пешкі ў гульні дыктатараў» і адмаўляюцца быць «закладнікамі ўнутраных канфліктаў у Расеі».

Ціханоўская заклікала міжнародную супольнасьць «перастаць прыкідвацца, што Лукашэнка мае хоць нейкую легітымнасьць».

«Ён злачынец, які трымае ўладу сілай, ня можа гарантаваць бясьпеку або пасярэдніцтва ў якіх-небудзь зьдзелках», — напісала кіраўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту і дадала, што «мы ўсё яшчэ можам выратаваць нашу краіну».

26 чэрвеня ў інтэрвію Bloomberg TV Ціханоўская заявіла, што знаходжаньне ў Беларусі заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгена Прыгожына і яго групы пагражае ня толькі краіне, але і суседнім дзяржавам Эўрапейскага Зьвязу. Паводле яе слоў, Лукашэнку цяпер «выстаўляюць мэдыятарам у гэтай сытуацыі», але ён не міратворац, а «пасланец Пуціна», ён проста «перадаў яго паведамленьне Прыгожыну, каб спыніць марш [на Маскву] і захаваць твар».

Ціханоўская падкрэсьліла, што «патройны фактар Лукашэнкі, Пуціна і Прыгожына» стварае «пагрозу рэгіянальнай бясьпецы, для ўсёй Эўропы». «Мы ня можам дазволіць Расеі распаўсюдзіць гэты хаос на яе суседзяў. І мы ня можам дазволіць Лукашэнку пагражаць ядзернай зброяй. Рэжым Лукашэнкі павінен зазнаць настолькі магутныя санкцыі, наколькі гэта магчыма», — падкрэсьліла яна.

Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае

  • Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
  • Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
  • Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
  • Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
  • Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
  • У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
  • У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
  • Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
  • Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
  • Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
  • Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
  • Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
  • Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
  • Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
  • Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
  • 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
  • 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
  • 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
  • У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
  • Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
  • Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
  • 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG