У кастрычніку 2022 году Свабода рабіла падрабязны агляд беларускіх вайсковых фармаваньняў, якія паўсталі ва Ўкраіне за час вайны. Ад таго моманту шмат што зьмянілася: утварыўся Беларускі добраахвотніцкі корпус, фактычна перастала існаваць «Пагоня», беларусы далучыліся да ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну, а таксама беларускія штурмавікі зьявіліся пры 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе. Таму мы робім новы агляд, хто ёсьць хто сярод беларусаў ва Ўкраіне.
Полк імя Кастуся Каліноўскага
Колькасьць: па інфармацыі Свабоды, каля 300 чалавек.
Самае вялікае ўтварэньне беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Паўстаў 9 сакавіка 2022 году як батальён. Аснову склалі беларусы, якія бралі ўдзел у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны ў 2014–2016 гадах. Першапачаткова ўтвараўся на базе батальёну «Азоў», потым перайшоў у падпарадкаваньне Галоўнага ўпраўленьня разьведкі (ГУР) Міністэрства абароны Ўкраіны. Пры гэтым полк мае даволі вялікую аўтаномнасьць у прыняцьці рашэньняў. Полк Каліноўскага на дадзены момант складаецца з батальёнаў «Волат», «Літвін», а таксама падразьдзяленьня БПЛА імя Мікіты Крыўцова і мэдычнай роты.
Хто камандуе: фармальны камандзір палку Каліноўскага — Дзяніс «Кіт» Прохараў. Гэта 27-гадовы ўраджэнец Менску. Раней быўінструктарам у «Азове». «Кіта» рэгулярна крытыкуюць як дзейныя, так і былыя байцы ПКК. Найперш праз тое, што ня ўдзельнічае ў баявых дзеяньнях. Намесьнік камандзіра палку, а таксама галоўны мэдыйны твар — Вадзім Кабанчук з пазыўным «Ігар». Кабанчук даўно вядомы ў дэмакратычным руху, ён прайшоў праз арганізацыю «Край». Тым ня менш, самымі значнымі асобамі ў штабе палку называюць былога маладафронтаўца Міколу Дземідзенку і Арцёма Войніча з пазыўным «Ваніш».
Батальён «Волат»
Па словах суразмоўцаў Свабоды, гэта самае баяздольнае фармаваньне беларускіх добраахвотнікаў ва Ўкраіне. Батальён названы ў гонар Паўла «Волата» Суслава, які ў траўні 2022 году падарваўся на расьцяжцы ў Мікалаеўскай вобласьці.
Байцы «Волата» бралі ўдзел у наступе ў Херсонскай вобласьці ля сяла Лазавое, дзе беларусы выйшлі бяз страт. Потым удзельнічалі ў абароне Лісічанску і Севераданецку. Бралі актыўны ўдзел у баявых дзеяньнях у Запароскай вобласьці, ля гораду Гуляй-Поле. Апошнія месяцы ваяры «Волата» абаранялі Бахмут. 16 траўня ў Бахмуце загінулі Міраслаў «Мыш» Лазоўскі (у мінулым адзін з заснавальнікаў «Белага легіёну»), а таксама яшчэ чацьвёра ваяроў, імёны якіх не называюцца.
Менавіта ў батальёне «Волат» найбольш страт сярод беларусаў. 26 чэрвеня 2022 году падчас бою пад Лісічанскам загінуў камандзір «Волата» Іван «Брэст» Марчук. Разам зь ім загінулі ваяры Васіль «Сябро» Парфянкоў, Васіль «Атам» Грудовік, Вадзім «Папік» Шатроў. Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў трапілі ў палон. Цягам ліпеня-лістапада 2022 году загінулі яшчэ трое ваяроў «Волата».
Хто камандуе: афіцыйным кіраўніком батальёну называюць Яна «Беларуса» Мельнікава — гэта выхадзец з анархісцкага руху, які ваюе ва Ўкраіне ад 2015 году. Тым ня менш, па нашай інфармацыі, Мельнікаў адмовіўся ад выкананьня абавязкаў кіраўніка. Цяпер абавязкі камандзіра выконвае іншы чалавек, пазыўны якога мы назваць ня можам.
Батальён «Літвін»
У баявых дзеяньнях удзельнічаюць ад восені 2022 году. Пра посьпехі «Літвіна» ў баях вядома менш. Магчыма, праз тое, што пакуль ня ўсе падрабязнасьці апэрацый могуць паведамляць. Вядома, што батальён працуе як на паўднёвым, гэтак і ўсходнім кірунках. У складзе «Літвіна», апроч пехацінцаў, ёсьць мінамётныя і кулямётныя разьлікі, цяжкая артылерыя, а таксама бесьпілётнікі. Ад сакавіка 2023 году ў складзе «Літвіна» зьявіўся атрад «Атам», сфармаваны з прадстаўнікоў BYPOL. Батальён названы ў гонар Ільлі «Літвіна» Хрэнава, які першым зь беларусаў загінуў пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны Ўкраіны з Расеяй. Стратаў у батальёне «Літвін» не было.
Хто камандуе: у навагоднім віншаваньні камандзірам «Літвіна» называлі Ігната «Булака» Кірэева. Вядома, што яму 34 гады, яго затрымлівалі падчас пратэстаў у 2020 годзе. Мае ўзнагароду «Україна понад усе» ад ГУР.
Падразьдзяленьне БПЛА імя Мікіты Крыўцова
У сярэдзіне лістапада 2022 году ў полк Каліноўскага ўвайшло падразьдзяленьне БПЛА імя Мікіты Крыўцова. Вядома, што першапачаткова гэтыя хлопцы належалі да палку «Пагоня», але пасьля прынялі рашэньне далучыцца да ПКК. Гэта было ўзгоднена з абодвух бакоў і адбылося без скандалаў. У задачу падразьдзяленьня ўваходзіць выведка, карэктаваньне агню, бамбардаваньне пазыцый праціўнікаў і тэхнікі. Вядома, што падразьдзяленьне БПЛА неаднаразова нішчыла расейскую тэхніку, таксама ваяры бралі ў палон праціўнікаў.
Хто камандуе: вядома, што камандзірам аэравыведкі ў палку «Пагоня» быў ваяр з пазыўным «Сэнат». Хто камандуе цяпер, не называецца.
Мэдрота
Пачала дзейнічаць у 2023 годзе. У абавязкі ўваходзіць аказаньне мэдычнай дапамогі ваярам, эвакуацыя параненых.
Хто камандуе: Анастасія «Север» Махамет, выпускніца Менскага мэдунівэрсытэту, якая ў 2021 годзе пасьля хвалі рэпрэсій выехала зь Беларусі.
Беларускі добраахвотніцкі корпус
Колькасьць: каля 70 чалавек.
Узьнік у сьнежні 2022 году. Пра ўтварэньне БДК заявілі камандзір батальёну «Тэрор» Радзівон «Гена» Батулін, а таксама ваяры Ігар «Янкі» Янкоў і Андрэй «Бясьсьмертны» Трацэўскі. Сваімі мэтамі ваяры заявілі «дэакупацыю Беларусі і Ўкраіны». Кіраўнікі БДК вядомыя сваімі даволі правымі поглядамі.
БДК удзельнічае ў сумесных апэрацыях з Расейскім добраахвотніцкім корпусам. У студзені 2023 году ўдзельнічалі ў начным рэйдзе ў Новую Кахоўку, калі Радзівон Батулін атрымаў цяжкае раненьне, а ўкраінскі ваяр «Тэрору» Руслан «Русік» Абломаў загінуў. У сваім тэлеграм-канале сябры БДК намякалі, што бралі ўдзел у баях на тэрыторыі Расеі, калі ў Белгарадзкую вобласьць зайшоў Расейскі добраахвотніцкі корпус.
Батальён «Тэрор»
Калі само ўтварэньне БДК хутчэй успрымаецца як палітычнае, то баявая адзінка тут — батальён «Тэрор». Першапачаткова ён належаў да палку Кастуся Каліноўскага, але ў жніўні 2022 году адкалоўся, калі са службы звольнілі камандзіра «Тэрору» Алега «Варага» Васільева. Пасьля гэтага «Тэрор» самастойна браў удзел у баях на поўдні Ўкраіны, удзельнічаў у вызваленьні Херсону.
Хто камандуе: камандзір — Радзівон «Гена» Батулін. Зрэшты, крыніцы Свабоды сьцьвярджаюць, што Алег «Вараг» Васільеў па-ранейшаму мае вялікі ўплыў унутры калектыву. «Янкі» і «Бясьсьмертны» ваююць разам з украінцамі, іх выкарыстоўваюць хутчэй як мэдыйны складнік.
Страты: у верасьні загінуў кіроўца «Тэрору» з пазыўным «Тэд». У кастрычніку аскепкам снараду забіла парамэдыка «Тэрору» Міхася «Юнгера» Шавельскага.
Беларусы ў складзе ІІ Інтэрнацыянальнага легіёну
Колькасьць: каля 20 чалавек
Легіён сфармаваны ў кастрычніку 2022 году. На яго эмблеме чырвона-чорны сьцяг Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў, а таксама бел-чырвона-белы і сьцяг Грузіі. Менавіта да гэтага легіёну сьпярша заклікаў далучацца беларусаў прадстаўнік пераходнага кабінэту Сьвятланы Ціханоўскай па пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валеры Сахашчык. Тым ня менш паплечнікі Сахашчыка расказалі, што першапачатковыя дамоўленасьці былі парушаныя і ў складзе легіёну адмовіліся нават ствараць беларускую роту, камандавалі ўсім таксама ўкраінцы. Пасьля сыходу зь Легіёну групы Сахашчыка беларусы там усё яшчэ засталіся, але іх няшмат.
Хто камандуе: беларусаў сярод камандаваньня няма.
Асобная дэсантна-штурмавая рота пры 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгадзе
Колькасьць: каля 30 чалавек.
Гэта новы праект Валерыя Сахашчыка ва Ўкраіне. У складзе 79-й асобнай ДБШ беларусам дазволілі стварыць сваю роту. Яна разьвіваецца ў трох кірунках — штурмавікі, цяжкое ўзбраеньне і бесьпілётнікі. Вядома, што рота бярэ ўдзел у баях пад Мар’інкай у Данецкай вобласьці ўжо два месяцы. Стратаў сярод беларусаў няма.
Хто камандуе: гэтыя зьвесткі не афішуюцца.
Полк «Пагоня»
Амбітны праект, да якога прыклалі руку Валеры Сахашчык і Вадзім Пракоп’еў, спыніў сваё існаваньне.
Іншыя беларусы ў складзе УСУ
Колькасьць: суразмоўцы Свабоды кажуць, што ў розных частках можа быць некалькі дзясяткаў беларусаў. Пра многіх дазнаюцца толькі пасьля іх гібелі.
У сьнежні пад Бахмутам загінуў Аляксей «Якуб» Аўдзеенка, у ліпені 2022 году — ваяр «Айдара» Алег «Хмуры» Панамароў. Яшчэ на пачатку вайны ня стала Аляксея «Тура» Скоблі (атрымаў званьне Героя Ўкраіны), Канстанціна «Фэнікса» Дзюбайлы, Зьмітра «Ганса» Рубашэўскага.
Сёлета загінулі таксама двое вядомых беларусаў, якія ваявалі ў складзе УСУ. Былы маладафронтавец і палітвязень Эдуард Лобаў загінуў у студзені пад Вуглядарам. А 1 красавіка пад Бахмутам ня стала Данііла «Маджахеда» Ляшука.
На дадзены момант ва Ўкраіне загінулі сама меней 28 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі ў розных фармаваньнях.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
- Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
- У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
- Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
- 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
- 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
- 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.