Рэчы Міраслава перадалі ў музэй у сераду. Гэта бронекамізэлька, шаўроны, боты, акуляры, кашуля, мапы і бел-чырвона-белы сьцяг.
- Міраславу Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.
- У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў пра гісторыю Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.
- У сакавіку 2017 году Міраслава Лазоўскага разам з больш як трыма дзясяткамі чалавек арыштавалі ў так званай «справе патрыётаў». Першапачаткова яму выставілі абвінавачаньне паводле ч. 3 артыкула 293 («Падрыхтоўка масавых беспарадкаў»). Затым дадалі артыкул 287 («Стварэньне незаконнага ўзброенага фармаваньня»). За кратамі Лазоўскі правёў некалькі месяцаў, выйшаў на свабоду ў чэрвені. Крымінальную справу неўзабаве прыпынілі, а пасьля закрылі.
- Неўзабаве пасьля гэтага Міраслаў ажаніўся са сваёй дзяўчынай Сьвятланай. Пара выбрала для гэтага гадавіну бітвы пад Воршай 8 верасьня. «Каб ніколі не забывацца на дзень шлюбу», — тлумачыў свой выбар Міраслаў.
- Пасьля пратэстаў 2020 году пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, ваяваў у складзе палку імя Кастуся Каліноўскага, свайго ўдзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.
- Міраслаў Лазоўскі загінуў 16 траўня ў баях пад Бахмутам.