Раніцай 26 чэрвеня зь Менска ў Будслаў вырушыла 31-я пешая пілігрымка. Сёлета адзначаецца 25 гадоў з часу каранацыі цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай, піша catholic.by.
Пешую пілігрымку зь Менска вядуць ксяндзы, якія нясуць служэньне ў менскіх парафіях. Цэлебрацыю сьвятой Імшы для іх узначаліў Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, разам зь якім маліўся таксама Генеральны вікарый архідыяцэзіі біскуп Юрый Касабуцкі.
Арцыбіскуп Станеўскі заахвоціў удзельнікаў пілігрымкі маліцца за мір у сьвеце.
Як паведаміў Catholic. by ксёндз Алег Шпець, усяго зь Менска ў Будслаў выйшлі больш за дзьве сотні пілігрымаў. Іх шлях працягнецца пяць дзён, за якія яны пераадолеюць 125 кіляметраў, каб 30 чэрвеня далучыцца да ўрачыстасьцяў на Будслаўскім фэсьце.
У Будслаўскім касьцёле працягваюць аднаўленьне пасьля пажару
Пажар у нацыянальным санктуарыі ў Будстлаве здарыўся 11 траўня 2022. У выніку абваліўся дах, а вада пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярталася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
За прамінулы час валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.
Летась праз наступствы моцнага пажару фэст у Будславе (2 і 3 ліпеня праходзяць ўрачыстасьці ў гонар абраза Маці Божай Будслаўскай) праводзілі на вуліцы і з жывой трансьляцыяй.
У 2018 годзе UNESCO уключыла Будслаўскі фэст у сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны чалавецтва. Сам касьцёл — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях ўсёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.