Сьцісла:
- Няўдалая вайна ў Расеі, як правіла, заканчвалася смутай.
- Прыватнае войска ў эпоху цэнтралізаваных дзяржаваў і цэнтралізаваных арміяў — аб’ектыўны грунт для ўнутранага канфлікту падчас ваенных дзеяньняў.
- Мяцеж Прыгожына, так бы мовіць, «безыдэйны». Няма зразумелага для грамадзтва ідэйна-палітычнага падмурку.
- Апошнія падзеі стануць моцным чыньнікам інтэнцыі Крамля закончыць вайну.
- Мяцеж Прыгожына — удар і па рэжыме Лукашэнкі. Бо ён паставіў усё на перамогу Расеі ў вайне супраць Украіны, склаў усе яйкі ў адзін кошык.
Мяцеж прыватнай вайсковай кампанія (ПВК) «Вагнэр» на чале зь Яўгеніем Прыгожыным стаў знакавай падзеяй. Пэрыядычныя відэазвароты ды інтэрвію гаспадара кампаніі, ягоныя закіды супраць Міністэрства абароны РФ лягічна перацяклі ў практычныя дзеяньні. Бо калі словы не падмацоўваюцца справамі, то атамана перастануць паважаць. Кажучы звыклымі для сёньняшняй Расеі словамі, «пацан сказаў — пацан зрабіў».
Апошнія падзеі цалкам пацьвярджаюць высновы аналітыкаў, што няўдалая вайна ў Расеі, як правіла, заканчвалася смутай. І чым далей яна зацягваецца, чым больш паразаў, тым большая імавернасьць забурэньняў.
І яшчэ адна важная выснова. Прыватнае войска ў эпоху цэнтралізаваных дзяржаваў і цэнтралізаваных армій — гэта аб’ектыўная аснова і падстава для ўнутранага канфлікту падчас ваенных дзеяньняў. Што мы і назіралі ўвесь час вайны.
Найбольш імаверна, што цяперашні ўзброены выступ Прыгожына будзе задушаны. І рэч тут ня столькі ў суадносінах чыста вайсковых сілаў. ПВК супрацьстаіць усёй вайсковай машыне дзяржавы.
Рэч у тым, што Прыгожын ня можа разьлічваць на масавую падтрымку расейскай грамадзкасьці. Сваім выступам супраць кіраўніцтва дзяржавы ён адштурхнуў ад сябе радыкальных імпэрцаў, якія заклікаюць весьці вайну да пераможнага канца. Бо смута падчас баявых дзеяньняў — шлях да паразы. Праціўнікаў вайны ён таксама наўрад ці прыцягне, бо запэцканы ў гэтай вайне як ніхто іншы. Мяцеж Прыгожына, так бы мовіць, «безыдэйны».
Бо за што ён выступае з гледзішча абываталя? Ён даводзіць, што вайсковае кіраўніцтва Расеі бяздарнае, карумпаванае, ні на што ня здольнае і інш. Бо не дае снарадаў. Ня робіць рашучых крокаў. Не дамагаецца посьпеху на фронце. Тут няма зразумелага для грамадзтва ідэйна-палітычнага падмурку. У гэтым яго адрозьненьне ад «карнілаўскага мяцяжу» 1917 году ці «ГКЧП» 1991 году.
Тым ня менш, чым бы ні скончыўся гэты эпізод, ён будзе мець наступствы. Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін назваў выступ ПВК і захоп Растова «мяцяжом». Мяцеж у тыле падчас вайны — прыкмета палітычнага крызысу для любой краіны ў любую эпоху. Гэта вядзе да дэмаралізацыі грамадзтва і войска.
Верагодна, мяцеж Прыгожына стане моцным чыньнікам інтэнцыі Крамля закончыць вайну.
Раніцай 24 чэрвеня Ўладзімір Пуцін пазваніў Аляксандру Лукашэнку. І тут цікавае параўнаньне. У жніўні–верасьні 2020 году ўладар Беларусі рэгулярна тэлефанаваў у Крэмль, прасіў аб дапамозе. Пуцін тады абяцаў прыслаць «Расгвардыю». Цяпер, калі прыпякло, прэзыдэнт РФ тэлефануе Лукашэнку (чаму ня Сі Цзіньпіну?). Каб атрымаць маральную падтрымку ці прасіць пра вайсковую дапамогу для ліквідацыі мяцяжу?
З псыхалягічнага гледзішча Лукашэнку гэта, відаць, прыемна. Бо ўсе памятаюць, як у верасьні 2020 году ў Сочы Лукашэнка сядзеў перад тэлекамэрамі ў паставе просьбіта. Цяпер ён атрымаў невялікую маральную кампэнсацыю.
Але, агулам кажучы, мяцеж Прыгожына — гэта ўдар і па рэжыме Лукашэнкі. Бо ён паставіў усё на перамогу Расеі ў вайне супраць Украіны, склаў усе яйкі ў адзін кошык. Шмат разоў запэўніваў сваё атачэньне, што Расея ня можа прайграць, бо яна, маўляў, магутная і непераможная. А тут высьвятляецца, што сьцяна гнілая, піхні — і разваліцца.
Зь мяцяжу Прыгожына вынікае яшчэ адна важная выснова для Лукашэнкі. Падчас вострага крызысу, якім ёсьць вайна, даваць зброю нейкім аўтаномным структурам кшталту тэрытарыяльнай абароны ці «народнага апалчэньня» небясьпечна для рэжыму. Бо невядома, супраць каго яна ў выніку можа быць павернута.
Спроба ўзброенага мяцяжу ў Расеі. Асноўнае
- Увечары 23 чэрвеня кіраўнік ПВК «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын заявіў, што міністэрства абароны РФ нанесла ракетныя ўдары па тылавых лягерах наймітаў і што «зло, якое нясе вайсковае кіраўніцтва краіны, будзе спынена».
- Міністэрства абароны Расеі назвала гэтыя словы «інфармацыйнай правакацыяй».
- Уначы Прыгожын паведаміў, што байцы «Вагнэра» ўвайшлі ў Расею з акупаваных раёнаў Ўкраіны.
- Раніцай 24 чэрвеня Прыгожын заявіў, што ПВК «Вагнэр» увайшла ў Растоў-на-Доне і ўзяла пад кантроль вайсковыя аб’екты Растова, у тым ліку аэрадром.
- Пазьней Прыгожын заявіў і пра ўзяцьце пад кантроль вайсковых абʼектаў у Варонежы.
- У Маскоўскай, Растоўскай і Варонескай вобласьцях РФ увялі надзвычайныя захады бясьпекі.
- У Расеі завялі крымінальную справу аб узброеным мяцяжы.
- Пуцін у ранішнім звароце заявіў, што «Расею мяцяжом спрабуюць штурхаць да паразы і капітуляцыі» і што «дзеяньні супраць мяцежнікаў будуць жорсткімі».
- Кіраўнік дэпартамэнту нацыянальнай бясьпекі ў складзе Аб’яднанага пераходнага кабінэту Валер Сахашчык у сувязі з падзеямі ў Расеі заклікаў беларусаў «выкарыстаць гістарычны шанец».
- Лідэрка дэмакратычных сілаў Беларусі Ціханоўская заклікала дыпляматаў і сілавікоў не выбіраць паміж Пуціным і Прыгожыным, а вайскоўцаў — выгнаць войскі Расеі зь Беларусі.
- Аб’яднаны пераходны кабінэт заявіў, што «дэнансуе палітычныя і ваенныя дамовы з Расеяй» і аб’яўляе аб выхадзе Беларусі з АДКБ, ЭАЭС і СНД.
- Полк Каліноўскага заклікаў грамадзянаў Беларусі рыхтавацца да «вызваленьня ад дыктатуры і акупацыі»
- Прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі ўвечары 23 чэрвеня напісала, што той угаварыў заснавальніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына спыніць прасоўваньне да Масквы.
- Пазьней Прыгожын заявіў аб завяршэньні марша і вяртаньні баевікоў у палявыя лягеры.
- Пазьней зьявілася навіна аб тым, што Прыгожын паедзе ў Беларусь, а крымінальную справу ў РФ супраць яго спыняць.
- 26 чэрвеня у Генпракуратуры Расеі паведамілі, што справу супраць Прыгожына не спынілі.
- 27 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка пацьвердзіў прылёт у Беларусь кіраўніка ПВК «Вагнэр» Яўгенія Прыгожына. Найміты ПВК «Вагнэр», паводле Лукашэнкі, будуць працаваць у Беларусі інструктарамі, ім прапанавалі ў распараджэньне закінутую вайсковую частку.
- 2 ліпеня ПВК «Вагнэр» абвясьціла, што на месяц прыпыняе вэрбоўку ў свае шэрагі. Гэта патлумачылі часовым няўдзелам групоўкі ў вайне супраць Украіны і «пераездам у Рэспубліку Беларусь».
- У сярэдзіне ліпеня байцы ПВК сталі калёнамі прыбываць у лягер каля вёскі Цэль. Міністэрства абароны Беларусі абвясьціла пра сумесныя трэнаваньні на палігоне «Берасьцейскі».
- Былы лідэр прарасейскіх сэпаратыстаў на Данбасе Ігар Стралкоў-Гіркін у сваім тэлеграм-канале, спасылаючыся на аднаго з камандзіраў ПВК «Вагнэр», кіраўніка штабу з пазыўным «Маркс», паведаміў, што ў Беларусь прыбудзе да 10 тысяч байцоў «Вагнэру».
- Агулам у Беларусь прыехалі 12 калёнаў наймітаў. Там была і будаўнічая тэхніка.
- 23 жніўня, як паведаміла Расавіяцыя, Яўгеній Прыгожын загінуў у разьбітым самалёце пад Цьверру. Разам зь ім там быў адзін з камандзіраў ПВК «Вагнэр» Дзьмітрый Уткін.