Амбасадары краін ЭЗ узгаднілі 11-ы пакет санкцый супраць Расеі, паведаміла ў Twitter прадстаўніцтва Швэцыі, якая старшынюе ў Радзе Эўропы. Ён быў прыняты пасьля амаль двухмесячных перамоваў.
Новы пакет санкцый найперш уключае ў сябе меры супраць абыходу раней уведзеных абмежаваньняў, а таксама ўключэньне ў санкцыйны сьпіс новых фізычных і юрыдычных асобаў.
Паводле папярэдніх дадзеных, у санкцыйны сьпіс увайшлі 70 чалавек (сярод іх — тыя, хто мае дачыненьне да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею) і каля 30 юрыдычных асобаў, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.
Тэкст рашэньня будзе апублікаваны 23 чэрвеня ў афіцыйным часопісе ЭЗ.
Раней паведамлялі, што ў рамках новага пакета, у прыватнасьці, плянуюць увесьці абмежаваньні супраць дзясяткаў кампаній з розных краін, якія дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі.
Папярэдні пакет санкцый ЭЗ супраць Расеі быў прыняты 25 лютага. Тады пад абмежаваньні падпалі 96 арганізацый.