Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская: З 2020 году рэпрэсіі зьведалі ня менш як 45 сьвятароў


Праваслаўны сьвятар Уладзімер Драбышэўскі на адзіночным пікеце ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота
Праваслаўны сьвятар Уладзімер Драбышэўскі на адзіночным пікеце ў 2020 годзе. Ілюстрацыйнае фота

З 2020 года рэпрэсіі ў Беларусі зазналі ня менш як 45 сьвятароў, заявіла Сьвятлана Ціханоўская на Генэральнай асамблеі Канфэрэнцыі эўрапейскіх цэркваў 15 чэрвеня ў Таліне.

«На сёньня нам вядомыя імёны прынамсі 16 рымска-каталіцкіх, 12 пратэстанцкіх, 11 праваслаўных і 6 грэка-каталіцкіх сьвятароў, якія зазналі перасьлед з 2020 году. Яны былі затрыманыя, зьняволеныя, аштрафаваныя, ім пагражалі. Многія сталі уцекачамі», — адзначыла дэмакратычная лідэрка Беларусі падчас выступу.

Яна нагадала гісторыю сям’і Разановічаў:

«Праваслаўны сьвятар Сяргей Разановіч, яго жонка Любоў і іхны сын Павал былі арыштаваныя як „тэрарысты“ за тое, што далі схованку актывісту апазыцыі Мікалаю Аўтуховічу. Усе трое зазналі маральныя і фізычныя катаваньні ад сілавікоў. 58-гадовую Любоў прызналі „асабліва небясьпечнай“ і пакаралі 15 гадамі пазбаўленьня волі. Яе мужу далі 16, а сыну — 19 гадоў пазбаўленьня волі адпаведна».

З словаў Ціханоўскай, вернікі ў Беларусі патрабуюць дапамогі сваіх хрысьціянскіх братоў і сясьцёр з Эўропы і ўсяго сьвету.

«Міжнародная рэлігійная супольнасьць можа шмат зрабіць для іх. Патрабаваць доступу зьняволеных да багаслужбаў, агітаваць за іх вызваленьне, арганізоўваць паломніцтвы і малебны за Беларусь, падтрымліваць беларускіх хрысьціян за мяжой, заклікаць да дыялёгу лідэраў беларускіх цэркваў — усё гэта мае рэальнае значэньне для беларусаў», — лічыць Ціханоўская.

Яна нагадала, што ў краіне каля 1,5 тысяч грамадзян, якіх праваабаронцы прызналі палітзьняволенымі, аднак «рэальная колькасьць палітычных вязьняў ацэньваецца прыкладна ў 4 тысячы чалавек», а «ў сярэднім штодня арыштоўваюць 10 чалавек».

Дэмакратычная лідэрка выказала шкадаваньне, што «ніводная зь беларускіх цэркваў не ўваходзіць у Канфэрэнцыю эўрапейскіх цэркваў».

«Магчыма, настаў час паспрабаваць гэта зьмяніць. Бо Беларусь — гэта Эўропа. А хрысьціянства — неадʼемная частка нашай ідэнтычнасьці», — сказала Ціханоўская.

  • Канфэрэнцыя эўрапейскіх цэркваў заснаваная ў 1959 годзе. Абʼядноўвае 113 праваслаўных, пратэстанцкіх і англіканскіх цэркваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG