Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пацьвердзіў контранаступ Украіны. NYT: Захад разглядае тры сцэнары


Супольная прэсавая канфэрэнцыя Ўладзіміра Зяренскага і Джасьціна Трудо, 10 чэрвеня 2023
Супольная прэсавая канфэрэнцыя Ўладзіміра Зяренскага і Джасьціна Трудо, 10 чэрвеня 2023

У Кіеве ў суботу прэзыдэнт Украіны на прэс-канфэрэнцыі з прэм'ер-міністрам Канады Джасьцінам Трудо ўпершыню афіцыйна пракамэнтаваў распачаты на некалькіх участках фронту ўкраінскі наступ.

«Ва Ўкраіне адбываюцца пэўныя контранаступальныя і абарончыя дзеяньні, камандуючыя ўсімі напрамкамі настроеныя станоўча, – сказаў Зяленскі. На якой стадыі [контранаступальныя дзеяньні] – я ня буду падрабязна казаць. Лічу, што мы гэта абавязкова адчуем», – дадаў ён.

Тры сцэнары з пункту погляду Захаду

Амэрыканскія і эўрапейскія чыноўнікі лічаць малаверагодным поўнае вызваленьне акупаваных тэрыторый Украіны падчас контранаступу Узброеных сіл Украіны. Посьпехам для Ўкраіны стане вяртаньне і ўтрыманьне ключавых тэрыторый або нанясеньне такога ўдару, які прымусіць Крэмль задумацца аб пэрспэктывах вайны, піша The New York Times.

Крыніцы выданьня ў амэрыканскіх спэцслужбах лічаць найбольш верагодным сцэнарам невялікія перамогі ўкраінскага войска на пачатковым этапе наступу, напрыклад, вяртаньне некаторых тэрыторый Данбасу і выцясьненьне Расеі з паўднёвага захаду Ўкраіны. Сымбалічнай і стратэгічнай перамогай стала б вызваленьне Запароскай АЭС, зазначае газэта.

Іншы патэнцыйны сцэнар контранаступу, на думку выведкі, заключаецца ў тым, што Расея зробіць памылку, напрыклад, разьмесьціць войскі ня ў тым месцы і яны будуць недастаткова абароненыя, што дазволіць УСУ нанесьці вырашальны ўдар.

Пры гэтым некаторыя заходнія чыноўнікі асьцерагаюцца таго, што контранаступ можа аказацца занадта пасьпяховым, што вымусіць Уладзіміра Пуціна пачаць масавую мабілізацыю насельніцтва.

Хаця афіцыйныя асобы ЗША заявілі, што рызыка выкарыстаньня Пуціным ядзернай зброі зьнізілася, амэрыканскія спэцслужбы кажуць, што поўная параза ва Ўкраіне або страта Крыму – гэта два сцэнары, пры якіх Пуцін патэнцыйна можа аддаць загад аб выкарыстаньні ядзернай зброі, – піша The New York Times.

Няўдачай для Ўкраіны будзе лічыцца, калі ЎСУ ня змогуць захапіць ніводнага горада і захаваецца дзеючая лінія фронту.

  • Мінабароны РФ сьцьвярджае, што ўкраінская армія 4 чэрвеня пачала наступаць на адміністрацыйнай мяжы Данецкай і Запароскай абласьцей Украіны, але расейскія сілы, паводле міністра абароны РФ Сяргея Шайгу, «сарвалі» наступ. Такую ж вэрсію падтрымлівае і Аляксандар Лукашэнка, які 8 чэрвеня на сустрэчы з сакратарамі саветаў бясьпекі дзяржаў – членаў АДКБ фактычна абвінаваціў Украіну ў падрыве Кахоўскай ГЭС, заявіўшы, што такім чынам «украінскаму боку трэба было схаваць тры дні «контранаступу», дзе амаль дзьве сотні бронемашын было зьнішчана і больш за 2 тысячы чалавек загінулі».
  • Таксама прыкметы распачатага контранаступу заўважылі ў краінах Захаду, брытанская выведка паведамляла, што на асобных участках украінскія сілы, праўдападобна, дасягнулі значнага прагрэсу, прарваўшы першую лінію расейскай абароны.
  • 9 чэрвеня Ўладзімір Пуцін заявіў, што ўкраінскі контранаступ пачаўся, але УСУ не дасягнулі пастаўленых задач на ніводным з участкаў фронту. Улады Ўкраіны гавораць аб наступальных апэрацыях на некаторых напрамках, але афіцыйна хаду поўнамаштабнага контранаступу не камэнтуюць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG