Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Херсонскай вобласьці падтопленыя 47 населеных пунктаў, сотні чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак


На падкантрольнай Украіне тэрыторыі Херсонскай вобласьці пасьля падрыву Кахоўскай ГЭС 27 чалавек лічацца зьніклымі бязь вестак па стане на 12.55 10 чэрвеня, паведаміў у Фэйсбуку міністар унутраных спраў Украіны Ігар Кліменка.

На левым беразе Дняпра, падкантрольным Расеі, невядомы лёс 374 чалавек, паведамляе выданьне «Агентство» са спасылкай на валянтэраў. Каардынатарка валянтэраў распавяла, што ў базе застаюцца больш за 1700 заявак на эвакуацыю, кожная зь які, як правіла, датычыцца некалькіх чалавек.

Паводле Ігара Кліменкі, агулам у Херсонскай вобласьці падтопленыя 47 населеных пунктаў, зь якіх 33 (3815 дамоў) — на падкантрольнай Украіне тэрыторыі, 14 — на акупаванай. Ужо эвакуявалі 2 620 чалавек, зь якіх 160 дзяцей. 11 чалавек траўмаваныя ў выніку абстрэлаў падчас эвакуацыі, 4 чалавекі загінулі.

У Мікалаеўскай вобласьці падтоплены 31 населены пункт. Эвакуяваныя 936 чалавек, сярод якіх 167 дзяцей. 1 чалавек загінуў.

На Днепрапятроўшчыне адсутнічае водазабесьпячэньне ў больш як 89 тысяч абанэнтаў у 26 населеных пунктах, ім падвозяць пітную і тэхнічную ваду.

  • Плаціну Кахоўскай ГЭС падарвалі ноччу 6 чэрвеня. Яе разбурэньне пацягнула за сабой затапленьне вялікіх тэрыторый ніжэй па цячэньні і абмяленьне вадасховішча вышэй. Затоплена вялікая тэрыторыя па абодвух берагах Дняпра. Зона затапленьня на падкантрольным Расеі левым беразе большая, чым на кантраляваным Украінай правым.
  • Украіна абвінавачвае ў падрыве плаціны Кахоўскай ГЭС Расею і сьцьвярджае, што расейскія вайскоўцы замінавалі ГЭС раней на выпадак украінскага наступу. Украінскія прадстаўнікі падкрэсьліваюць, што плаціна праектавалася зь вялізным запасам трываласьці супраць зьнешніх узьдзеяньняў, і лічаць, што яна была падарваная знутры.
  • Крэмль называе разбурэньне плаціны «наўмыснай дывэрсіяй» з боку Кіева, не ўдакладняючы пры гэтым, што менавіта магло прывесьці да яе разбурэньня.
  • Яшчэ адна вэрсія — натуральнае разбурэньне плаціны з прычыны ранейшых абстрэлаў і нядобрасумленнага абслугоўваньня ГЭС Расеяй, якая кантралявала яе і, у прыватнасьці, ня зьнізіла занадта высокі ўзровень вады ў вадасховішчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG