Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наступствы не абмяжуюцца Украінай», — ААН пра гуманітарную сытуацыю пасьля прарыву дамбы Кахоўскай ГЭС


Намесьнік генсакратара ААН у гуманітарных пытаньнях і каардынатар надзвычайнай дапамогі Марцін Грыфітс заявіў, што гуманітарная сытуацыя ва Ўкраіне «надзвычай» пагоршылася пасьля разбурэньня дамбы Кахоўскай ГЭС.

Ён папярэдзіў, што разбуральныя наступствы паводак амаль напэўна прывядуць да зьніжэньня экспарту збожжа, павышэньня коштаў на прадукты харчаваньня ва ўсім сьвеце і меншай колькасьці ежы для мільёнаў людзей, якія маюць патрэбу. Грыфітс назваў гэта «віруснай праблемай».

Паводле яго, цяпер Упраўленьне ААН па гуманітарных пытаньнях распрацавала трохэтапны плян наданьня дапамогі рэгіёнам Украіны, пацярпелым ад разбурэньня Кахоўскай ГЭС. У наступныя пару дзён гаворка ідзе выключна пра выратаваньні жыцьцяў і эвакуацыі людзей. Вядуцца перамовы з расейскім бокам аб атрыманьні доступу да пацярпелых на акупаваных Расеяй тэрыторыях Украіны.

Падчас наступнага этапу ААН пачне вывучаць гуманітарныя наступствы гэтага «шакавальнага акту».

«Гаворка ідзе пра тое, што каля 700 тысяч чалавек засталіся бяз чыстай пітной вады, пра міны, якія плаваюць у гэтых водах — бо ўсё гэта адбываецца на самай замінаванай тэрыторыі ў сьвеце», — адзначыў Марцін Грыфітс.

На трэцім этапе ААН плянуе змагацца з эканамічнымі і экалягічнымі наступствамі:

«Ня толькі для народа Ўкраіны, але і для ўсяго сьвету, таму што наступствы будуць ня толькі ва Ўкраіне. Напрыклад, яны паўплываюць на сусьветныя цэны на прадукты харчаваньня», — адзначыў ён.

  • Разбурэньне плаціны Кахоўскай ГЭС пацягнула за сабой затапленьне вялікіх тэрыторый ніжэй па цячэньні і абмяленьне вадасховішча вышэй. Затоплена вялікая тэрыторыя па абодвух берагах Дняпра, у тым ліку дзясяткі паселішчаў. Зона затапленьня на падкантрольным Расеі левым беразе большая, чым на кантраляваным Украінай правым. Паводле апошніх зьвестак, загінулі ня менш як 13 чалавек.
  • Украіна абвінавачвае ў падрыве плаціны Кахоўскай ГЭС Расею і сьцьвярджае, што расейскія вайскоўцы замінавалі ГЭС раней на выпадак украінскага наступу. Украінскія прадстаўнікі падкрэсьліваюць, што плаціна праектавалася зь вялізным запасам трываласьці супраць зьнешніх узьдзеяньняў, і лічаць, што яна была падарваная знутры.
  • Крэмль называе разбурэньне плаціны «наўмыснай дывэрсіяй» з боку Кіева, не ўдакладняючы пры гэтым, што менавіта магло прывесьці да яе разбурэньня.
  • Яшчэ адна вэрсія — натуральнае разбурэньне плаціны з прычыны ранейшых абстрэлаў і нядобрасумленнага абслугоўваньня ГЭС Расеяй, якая кантралявала яе і, у прыватнасьці, ня зьнізіла занадта высокі ўзровень вады ў вадасховішчы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG