Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уначы Расея атакавала дронамі Адэсу: загінулі тры чалавекі, 26 параненых


Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Абломкі іранскага дрона-камікадзэ «Шахед-136», зьбітага ў Кіеве 14 сьнежня 2022 году
Архіўнае ілюстрацыйнае фота. Абломкі іранскага дрона-камікадзэ «Шахед-136», зьбітага ў Кіеве 14 сьнежня 2022 году

Згодна з паведамленьнем украінскага апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень», уначы 10 чэрвеня Расея атакавала Адэскую вобласьць дронамі «Шахед», усе дроны зьнішчылі ўкраінскія сілы супрацьпаветранай абароны.

Абломкі аднаго з дронаў трапілі ў жылы дом, узьнік пажар. У выніку загінулі тры чалавекі, пацярпелі 26 чалавек, у тым ліку трое дзяцей і цяжарная жанчына.

У выніку выбуху аднаго зь бесьпілётнікаў каля шматпавярховага дома ўтварылася варонка, у некалькіх дамах выбіла шкло.

Паводле інфармацыі Сіл абароны поўдня Ўкраіны, над Адэскай вобласьцю зьбілі восем «Шахедаў». Сярод параненых — трое дзяцей і цяжарная жанчына.

Таксама дроны атакавалі Мікалаеўскую вобласьць, паведамілі ва ўкраінскім апэратыўным камандаваньні. Агулам начная трывога гучала больш як у дзесяці ўкраінскіх абласьцях, а таксама ў Кіеве.

Прызначаны Расеяй «кіраўнік» акупаваных тэрыторый Херсонскай вобласьці Ўладзімір Сальда заявіў пра ракетныя ўдары па будынках, дзе знаходзяцца эвакуяваныя з затопленых тэрыторый рэгіёну. Паводле яго, у выніку атак загінула жанчына. Ва ўдарах ён абвінаваціў «заакіянскіх ваенных злачынцаў» і «кіеўскі рэжым».

Прызначаны Расеяй кіраўнік анэксаванага Крыму Сяргей Аксёнаў паведаміў, што раніцай над паўвостравам зьбілі балістычныя ракеты, якія нібыта запусьціла ўкраінскае войска. Паводле яго, ахвяраў і пацярпелых няма.

Расея ўварвалася ва Ўкраіну 24 лютага 2022 года. Паводле зьвестак ААН, да пачатку чэрвеня 2023 года ў выніку баявых дзеяньняў загінулі сама меней 8983 мірныя жыхары, 15 442 атрымалі раненьні. У ААН падкрэсьліваюць, што зьвесткі няпоўныя і сапраўдная колькасьць ахвяраў можа быць большай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG