Актывістку «Эўрапейскай Беларусі», палітзьняволеную Паліну Шарэнду-Панасюк накіравалі з калёніі ў Рэспубліканскі цэнтар псыхічнага здароўя ў Навінках для правядзеньня псыхіятрычнай экспэртызы. Гэта адбылося неўзабаве пасьля таго, як актывістка напісала заяву аб адмове ад беларускага грамадзянства. Пра сытуацыю з Палінай паведаміў яе муж Андрэй Шарэнда, які цяпер знаходзіцца ў Вільні.
«Этап з Рэчыцы на Менск у Навінкі можа заняць два тыдні. Дакладна вядома, што перад этапам каля двух тыдняў Паліна была ў санчастцы калёніі, хіба яе прыводзілі ў стан для этапу. А этапавалі з калёніі толькі некалькі дзён таму. Пакуль больш зьвестак пра жонку ня маю. Відаць, будзе праходзіць у Навінках экспэртызу», — паведаміў муж палітзьняволенай Андрэй.
Паводле Андрэя Шарэнды, выхад з грамадзянства быў пратэстам супраць пастаяннага ціску, які жанчына зазнала ў зьняволеньні.
«Гэта яе пратэст супраць катаваньняў. Яна адмаўляецца ад беларускага пашпарта са сталінскім гербам на вокладцы і больш ня хоча мець нічога агульнага з рэжымам, які ўсталяваўся ў Беларусі. Рэжымам, які зьнішчае незалежнасьць Беларусі, які ўдзельнічае ў вайне. Рэжымам, які забівае яе і іншых палітвязьняў у турмах», — сказаў Андрэй Шарэнда.
У чэрвені 2021 году Паліну Шарэнду-Панасюк асудзілі на 2 гады зьняволеньня за гвалт адносна міліцыянтаў і абразу Лукашэнкі. Пазьней суд дадаў актывістцы яшчэ два гады за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі папраўчай установы» (411-ы артыкул КК). Жанчыну трымалі спачатку ў Гомельскай жаночай калёніі, разьлічанай на так званых «першаходаў», а потым перавялі ў калёнію ў пасёлку Зарэчча Рэчыцкага раёну, куды зьмяшчаюць тых, хто асуджаны другім і больш разам. Паводле зьвестак, якія атрымаў Андрэй Шарэнда зь Беларусі, у абедзьвюх калёніях ягоную жонку большасьць часу трымалі то ў штрафным ізалятары, то ў памяшканьні камэрнага тыпу.
«Паліну марудна, але мэтанакіравана забіваюць. Арганізм Паліны настолькі зьнясілены, што ёй ужо цяжка хадзіць. Ад адсутнасьці сонечнага сьвятла зрок у Паліны моцна сапсаваўся», — піша муж актывісткі ў звароце да міжнародных гуманітарных і праваабарончых арганізацый.
Андрэй заклікаў праваабаронцаў сьвету «сачыць за лёсам ягонай жонкі і зрабіць усё магчымае для вызваленьня яе і ўсіх палітзьняволеных».