«Zerkalo» атрымала прэс-рэліз зь мерапрыемства.
У Сабаленкі спыталі, чаму раней яна магла сумяшчаць палітыку са спортам, пра што сьведчаць фота з Лукашэнкам, а сёньня яна выступае за «спорт па-за палітыкай».
— Ну, мы шмат разоў гулялі на Кубку фэдэрацыі (камандны турнір у жанчын. — рэд.) у Беларусі. Лукашэнка быў на нашых матчах, фатаграфаваўся з намі. Нічога дрэннага тады не адбывалася ў Беларусі, Украіне ці Расеі. І я ўжо казала гэта шмат разоў: я не падтрымліваю вайну. Я не хачу, каб мая краіна была ўцягнутая ў які-небудзь канфлікт.
Па словах Сабаленкі, яна «толькі тэнісістка»:
— Калі б я хацела быць палітыкам, то не была б тут. Не хачу ўдзельнічаць ні ў якай палітыцы.
Пасьля гэтага ў Арыны спыталі, ці падтрымлівае яна па-ранейшаму Лукашэнку.
— Складанае пытаньне. Я не падтрымліваю вайну, а гэта значыць, што не падтрымліваю Лукашэнку цяпер.
Сёньня другая ракетка сьвету беларуска Арына Сабаленка перайграла ўкраінку Эліну Сьвітоліну ў чвэрцьфінальным матчы Адкрытага чэмпіянату Францыі па тэнісе, які праходзіць на грунтавых кортах Парыжа.
- Раней паведамлялася, што пасьля трэцяга раўнду спаборніцтваў беларуска Арына Сабаленка не прыйшла на агульную прэс-канфэрэнцыю для ўдзельнікаў. Але неўзабаве склікала прэс-канфэрэнцыю для «выбраных» журналістаў.
- Сваю адсутнасьць на агульнай сустрэчы Сабаленка патлумачыла дыскамфортам, які адчувае, кепскім мэнтальным станам. Журналісты, аднак, заўважылі, што адбылося гэта пасьля таго, як украінская журналістка Дар’я Мешчаракова спытала ў Арыны Сабаленкі пра падтрымку дыктатуры на радзіме і расейскай вайны супраць Украіны. На абодва пытаньні тэнісістка адказала аднолькава: «У мяне няма для вас камэнтароў».
- Арына Сабаленка ў 2020 годзе пасьля пачатку пратэстаў падпісала ліст у падтрымку Аляксандра Лукашэнкі і паўдзельнічала зь ім у балі на Новы 2021 год. Калі пачалася вайна ва Ўкраіне, Сабаленка паабяцала ў адказ на пытаньне журналістаў надзець жоўта-блакітную бутаньерку ў падтрымку Ўкраіны, але не зрабіла гэтага і расейскую агрэсію не асудзіла, абмяжоўваючыся фразамі, што яна «супраць вайны».