Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскага дэпутата, які засумняваўся ў мэтах вайны супраць Украіны, могуць выключыць з партыі


Канстанцін Затулін
Канстанцін Затулін

Дэпутата Дзяржаўнай Думы Канстанціна Затуліна могуць пазбавіць шэрагу думскіх пасад і выключыць з фракцыі «Единая Россия» за яго выказваньні аб вайне ва Ўкраіне, у якіх ён засумняваўся ў дасягненьні мэт так званай «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі».

У «Адзінай Расеі» пасьля зробленых 1 чэрвеня выказваньняў пачаліся кансультацыі, пішуць «Ведомости» са спасылкай на свае крыніцы. Сярод варыянтаў абмяркоўваюць пазбаўленьне Канстанціна Затуліна пасады першага намесьніка старшыні камітэту Дзяржаўнай думы і выключэньне з шэрагаў фракцыі.

Страта мандату Затуліну, аднак, не пагражае, ён ня сябра «Адзінай Расеі» і выбіраўся па аднамандатнай акрузе.

Затулін выступіў з выказваньнямі, якія шырока разышліся па сацыяльных сетках і тэлеграм-каналах, на форуме «Якая Ўкраіна нам патрэбна?». Акрамя іншага, ён адзначыў, што з чатырох мэтаў так званай спэцапэрацыі (пачатай 24 лютага 2022 году поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну) не дасягнута ніводная.

«Якія ў нас былі мэты, афіцыйна заяўленыя ў пачатку ваеннай апэрацыі? Вы ўсё памятаеце — дэнацыфікацыя, дэмілітарызацыя, нэўтралітэт Украіны і абарона жыхароў Данецкай і Луганскай народных рэспублік... У якім з гэтых пунктаў мы дасягнулі вынікаў на сёньняшні дзень? Ні ў адным. Больш за тое, некаторыя зь іх перасталі мець усялякі сэнс», — сказаў расейскі дэпутат.

На яго думку, у прыватнасьці, сэнс перастала мець патрабаваньне нэўтралітэту Ўкраіны, якога немагчыма дасягнуць, калі ўкраінская дзяржава працягне існаваць. На думку Затуліна, Украіна працягне існаваць.

Па словах Затуліна, плян, які існаваў у расейскіх уладаў у пачатку вайны, відавочна праваліўся. На яго думку, плян складаўся ў тым, «што дастаткова хутка пасьля нашай сілавой акцыі ўкраінская дзяржава развальваецца і без асаблівых ахвяр удаецца дасягнуць таго, чаго не ўдалося дасягнуць на працягу васьмі гадоў, пакуль спрабавалі рэалізаваць менскія пагадненьні».

Таксама Затулін адзначыў, што Расея ня здольная выканаць нават уласнае рашэньне аб анэксіі чатырох украінскіх рэгіёнаў:

«Мы так і не ўвайшлі ў горад Запарожжа, а горад Херсон мы пакінулі».

Канстанцін Затулін — адзін з самых дасьведчаных расейскіх палітыкаў, быў дэпутатам Дзяржаўнай Думы яшчэ першага скліканьня. Ужо ў тыя часы ён прытрымліваўся нацыяналістычных і рэвізіянісцкіх поглядаў, аспрэчваў тэрытарыяльную прыналежнасьць Крыму і Севастопаля.

Празь замежнапалітычныя рознагалосьсі з расейскім кіраўніцтвам — тады ў пытаньні Лібіі — яго ў 2011 годзе ўжо пазбаўлялі пасады намесьніка старшыні камітэту Думы, ня выбралі ў Думу шостага скліканьня. Аднак з 2016 году Затулін зноў засядае ў расейскім парлямэнце.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG