Прапановы Прабава Субіянта ўключаюць неадкладнае спыненьне агню, стварэньне дэмілітарызаванай зоны пад кантролем міратворцаў і правядзеньне новых рэфэрэндумаў на «спрэчных тэрыторыях» пад эгідай ААН, паведамляе Reuters. Што маецца на ўвазе пад «спрэчнымі тэрыторыямі», Субіянта не ўдакладніў.
Для стварэньня дэмілітарызаванай зоны кожнаму боку прапануецца адступіць ад лініі судакрананьня на 15 кілямэтраў. У гэтай зоне, паводле задумы Інданэзіі, неабходна ўстанавіць міжнародны кантроль.
Субіянта запэўніў, што Інданэзія гатовая ўдзельнічаць ва ўсіх працэсах.
Прадстаўнік МЗС Украіны Алег Нікаленка ў адказ падзякаваў Інданэзіі за ўвагу да ўрэгуляваньня вайны ва Ўкраіне, але падкрэсьліў, што «паміж Украінай і Расеяй няма спрэчных тэрыторый, каб там праводзіць рэфэрэндумы».
«Зьдзейсьніўшы акт агрэсіі, Расея акупавала Крым, часткі Данецкай, Луганскай, Запароскай і Херсонскай абласьцей.Факт, зафіксаваны ў афіцыйных дакумэнтах ААН. На акупаваных тэрыторыях расейская армія зьдзяйсьняе ваенныя злачынствы, злачынствы супраць чалавечнасьці і генацыд. Расея павінна пакінуць украінскія тэрыторыі, а Ўкраіна — аднавіць сваю тэрытарыяльную цэласнасьць у міжнародна прызнаных межах. Альтэрнатыўных сцэнараў быць ня можа», — падкрэсьліў Нікаленка.
Ён адзначыў, што «спыненьне агню, разьвядзеньне сіл на 15-кілямэтровую адлегласьць і стварэньне дэмілітарызаванай зоны не спрацуюць», а толькі дазволяць Расеі «выйграць час, перагрупавацца, замацавацца на акупаваных тэрыторыях і назапасіць сілы для новай хвалі агрэсіі».