Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці ў «справе артапэдаў» асудзілі былога галоўнага траўматоляга вобласьці і загадчыка аддзяленьня гарадзкой лякарні


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Выракі двум лекарам, Андрэю Варановічу і Сяргею Кісялю, агучылі яшчэ ў лютым, паведамляе Zerkalo, але пра іх стала вядома цяпер.

Загадчыка траўматалягічнага аддзяленьня Берасьцейскай цэнтральнай гарадзкой лякарні Андрэя Варановіча і былога загадчыка аддзяленьня траўматалёгіі і артапэдыі Берасьцейскай абласной бальніцы Сяргея Кісяля прызналі вінаватымі ў атрыманьні грошай ад дырэктара ТАА «Медлінк» Ірыны Гацко за лабіяваньне інтарэсаў фірмы — прасоўваньне сярод пацыентаў і закуп эндапратэзаў нямецкага вытворцы Waldemar Link.

Андрэй Варановіч працаваў загадчыкам аддзяленьня з 2016 года. Згодна з матэрыяламі суду, ён не пазьней траўня 2017 году стаў супрацоўнічаць з Гацко. У 2019–2020 гадах ён «у мэтах набыцьця ў „Медлінк“ эндапратэзаў» кансультаваў пацыентаў у выбары пратэзаў, складаў зь імі заявы на імя галоўнага доктара аб згодзе на платныя імпартныя пратэзы ўзамен бясплатных беларускіх (якія горшыя якасьцю і хутчэй зношваюцца). На падставе гэтых заяваў галоўны доктар рабіў заяўкі на закуп пратэзаў.

У віну лекару паставілі тое, што ён прапаноўваў пацыентам пратэзы Waldemar Link, ведаючы, што «Медлінк» зьяўляецца адзіным іх пастаўшчыком у Беларусь. Пацыенты згаджаліся. Закуп пры гэтым праходзіў у адпаведнасьці з усімі правіламі і працэдурамі, пацыенты ўносілі грошы праз касу лякарні. Аднак, паводле абвінавачаньня, пэрыядычна спэцыяліст фірмы «Медлінк», прывозячы ў лякарню пратэзы, таксама перадаваў Варановічу грошы ад дырэктара фірмы ў падзяку за выбар іх пратэзаў і якасную ўстаноўку. Сума незаконных узнагароджаньняў нібыта склала 6100 эўра.

Лекар 1,5 месяца правёў у СІЗА. Падчас сьледзтва ён кампэнсаваў у казну суму атрыманага ўзнагароджаньня (6100 эўра), а таксама пералічыў у даход дзяржавы яшчэ 25 537 даляраў. Чаму менавіта такая сума і за што ён яе аддаў, у прысудзе не тлумачыцца.

Улічваючы зьмякчальныя абставіны — раскаяньне, садзейнічаньне сьледзтву, выплату злачыннага даходу, «дзеяньні, накіраваныя на загладжваньне шкоды, у выглядзе пералічэньня ў бюджэт грашовых сродкаў» — а таксама адсутнасьць ранейшых судзімасьцяў, добрыя характарыстыкі, высокі прафэсіяналізм і каштоўнасьць як спэцыяліста, лекара вырашылі не накіроўваць за краты.

Па двух пунктах яму прызначылі 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу паводле ч. 1 і 2 арт. 433 КК, пры гэтым год зьнялі па амністыі да Дня народнага адзінства. У выніку лекару засталося 1,5 года «хатняй хіміі». Забарону на пэўныя пасады яму прызначаць не сталі.

Калегу Варановічу агучылі больш жорсткі вырак.

60-гадовы Сяргей Кісель — лекар найвышэйшай катэгорыі, мае мэдаль ад дзяржавы. Ён працаваў у Берасьцейскай абласной лякарні з 1989 года, быў галоўным траўматолягам вобласьці. З 2002 году і да красавіка 2021-га ён быў загадчыкам аддзяленьня траўматалёгіі і артапэдыі, затым яго перавялі на пасаду звычайнага лекара.

26 сакавіка 2022 года ён меў апошні працоўны дзень: паводле інфармацыі «Белых халатаў», яму не працягнулі кантракту, і ён разьвітаўся з калектывам. У гэты ж дзень яго затрымалі. Крыху больш за месяц ён правёў у СІЗА.

Абвінавачаньне ў адрас Сяргея Кісяля практычна такое ж, як у Андрэя Варановіча. У дадатак Кісяля абвінавацілі ў аналягічных адносінах з прадстаўніцтвам фірмы «Джонсан & Джонсан», якая пастаўляла ў Беларусь пратэзы тазасьцегнавых суставаў DePuy Synthes.

Сяргея Кісяля прызналі вінаватым у прыняцьці незаконнай узнагароды паўторна і ў асабліва буйным памеры (ч. 2 і 3 арт. 433 КК). З улікам раскаяньня, выплаты грошай і садзейнічаньня сьледзтву яму вырашылі даць адтэрміноўку пакараньня. Суд прызначыў мужчыну 4 гады зьняволеньня з адтэрміноўкай на 2 гады — гэта значыць, калі ён не парушыць закон за гэты тэрмін, сядзець у калёніі не давядзецца. Пры гэтым лекару далі вялізны штраф у 22 200 рублёў.

Асуджаных лекараў, як і многіх іхных калег у іншых гарадах Беларусі, панізілі на пасадах. Цяпер Андрэй Варановіч працуе шараговым лекарам свайго траўматалягічнага аддзяленьня, а Сяргей Кісель — траўматолягам у берасьцейскай паліклініцы № 3.

  • У рамках справы артапэдаў затрымалі 35 лекараў па ўсёй Беларусі, якіх абвінавацілі ў атрыманьні хабараў за лабіяваньне эндапратэзаў пэўных вытворцаў. Прыватным клінікам (за выключэньнем «Мерсі», зьвязанай зь сям’ёй Лукашэнкі) забаранілі ставіць імпартныя пратэзы. Пасьля гэтага зьявіўся загад Міністэрства аховы здароўя, паводле якога ўсе імпартныя пратэзы павінны былі набывацца толькі празь дзяржаўнае прадпрыемства «Белмэдтэхніка». Жыцьцё пацыентам гэта ніяк не аблегчыла — толькі чэргі на пратэзаваньне суставаў сталі нашмат большымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG