Віктар Хрэнін у сваім выступе зазначыў, што выстава за ўсе гады «зарэкамэндавала сябе ня толькі як значная падзея для арганізацый абароннага сэктару эканомікі, але і як эфэктыўны форум для разьвіцьця вайсковага і вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі і міжнароднымі арганізацыямі».
На Milex-2023 паказваецца вайсковая і спэцыяльная тэхніка вытворчасьці Беларусі, Кітаю, Расеі ды Ірану. Выстава праходзіць з 17 па 20 траўня на тэрыторыі «Менск-Арэны».
Выступаючы на адкрыцьці, Хрэнін таксама пахваліўся якасьцю беларускіх узбраеньняў.
«Сваімі характарыстыкамі многія вырабы беларускай вайсковай прамысловасьці ня толькі не саступаюць вядомым сусьветным аналягам, але і па шэрагу кірункаў пераўзыходзяць іх. Большасьць з прадстаўленых на выставе ўзораў ужо стаіць на ўзбраеньні беларускай арміі, цэлы шэраг праходзіць выпрабаваньні.
Летась праведзена закупка і пастаўка ў войска звыш 5,5 тысячы адзінак розных узораў узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі. Пры гэтым толькі айчыннымі вытворцамі пастаўлена Ўзброеным сілам больш за 500 адзінак новых узораў узбраеньня і вайсковай тэхнікі».
У рамках выставы таксама пройдзе Х Міжнародная навуковая канфэрэнцыя ў пытаньнях вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва ў сфэры абароны і бясьпекі.