Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «віцебскіх Курапатах» зьнішчылі крыжы, шыльды і ўказальнікі да месцаў расстрэлаў


Крыж мэмарыялу ў Хайсах
Крыж мэмарыялу ў Хайсах

Пра гэта паведамляе «Віцебская вясна».

Наведвальнікі мэмарыялу, узьведзенага ў памяць ахвяраў «сталінскіх» расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, пабачылі, што невядомыя выламалі драўляныя крыжы, на якіх былі шыльды з прозьвішчамі расстраляных, зьнішчылі ўказальнікі, па якіх можна было дайсьці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзеныя і выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі.

Жалезныя апоры зрэзалі, жалезную шыльду з надпісам «Мэмарыял «Хайсы» зьнялі з балтоў, а рамку пагнулі. На думку Яна Дзяржаўцава, стваральніка ініцыятывы «Хайсы — віцебскія Курапаты», гэта сьведчыць пра арганізаваную дзейнасьць уладаў, каб зьнішчыць памяць пра гэтае месца масавых расстрэлаў.

Паводле Дзяржаўцава, наўрад ці вандалізм у дачыненьні да мэмарыялу можна аднесьці на рахунак нейкіх хуліганаў, якія выпадкова апынуліся ў гэтых мясьцінах.

«Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце. Ад самага пачатку там выказвалі незадавальненьне нашай дзейнасьцю па ўшанаваньні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што на загад мясцовых уладаў і былі зьнішчаныя крыжы, шыльды і ўказальнікі», — сказаў Дзяржаўцаў.

Ён адзначыў, што ўсталёўваць новыя крыжы ў цяперашніх умовах наўрад ці мае сэнс, бо найбольш імаверна, што самаробны мэмарыял будуць зьнішчаць і надалей.

Яну Дзяржаўцаву з аднадумцамі ўдалося сабраць сьведчаньні каля 40 мясцовых жыхароў пра расстрэлы каля Хайсаў, і яны ўвайшлі ў зборнік успамінаў, выдадзены пазалетась у Віцебску.

Пра тое, што ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле мясцовыя жыхары знаходзяць выкінутыя зь зямлі чалавечыя парэшткі, стала вядома яшчэ на пачатку 2000-х. Пра жахлівыя знаходкі расказаў жыхар вёскі Лужасна Іван Кудзінаў. У лістападзе 2014 году віцебскія журналісты і актывісты на свае вочы ўбачылі ў лесе чалавечыя косткі і чарапы. 14 лістапада 2014 году тут першы раз ушанавалі памяць ахвяраў: у трох месцах, дзе былі самыя вялікія яміны з парэшткамі, усталявалі крыжы.

Да 2022 году самаробны мэмарыял складаўся з больш як трох дзясяткаў драўляных крыжоў, тры жалезныя крыжы з інфармацыйнай шыльдай былі ўсталяваныя каля дарогі з боку вёскі Хайсы, яшчэ адзін жалезны крыж актывісты паставілі на ўскрайку лесу, каля сьцежкі, што вядзе да ямін з парэшткамі ад чыгункі Віцебск — Гарадок.

Ямы з парэшткамі двойчы дасьледавалі адмыслоўцы 52-га пошукавага батальёну, які займаецца невядомымі пахаваньнямі ўдзельнікаў Другой сусьветнай вайны — іншай структуры для працы з чалавечымі парэшткамі ў Беларусі няма. Актывістаў да месца раскопак не дапусьцілі і з высновамі вайсковых археолягаў пазнаёмілі толькі часткова — выключна з фрагмэнтам, дзе сьцьвярджалася, што былі знойдзеныя артэфакты часоў мінулай вайны.

Чалавечыя парэшткі былі выкапаныя і перапахаваныя на брацкіх вайсковых могілках каля станцыі Лужасна і ў агульнай магіле на ўскрайку цывільных могілак у пасёлку Мазалава.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG