Паводле статутных дакумэнтаў, 12 траўня паўнамоцтвы зьніклай Анжалікі Мельнікавай пяройдуць ейнай намесьніцы Станіславе Гліньнік. Апошняе паседжаньне нарады фракцыяў, якое правяла Мельнікава, адбылося 11 лютага. Двума днямі раней старшыня паведаміла пра сыход у адпачынак і часовую перадачу паўнамоцтваў віцэ-старшыні, значыць, Гліньнік. А ў сакавіку стала вядома пра зьнікненьне Мельнікавай.
25 красавіка Каардынацыйная рада апублікавала Рашэньне Камісіі ў пытаньнях Статуту й іншых унутраных дакумэнтаў Каардынацыйнай Рады ІІІ Скліканьня адносна даты выбараў.
Паколькі Станіслава Гліньнік не адмаўляецца ад пазыцыі старшыні КР, і калі яна ня зробіць гэтага да 12 траўня, гэтыя функцыі пяройдуць ёй, а 13 траўня будзе выбірацца яе намесьнік.
Рашэньне падтрымалі ўдзельнікі Каардынацыйнай рады Яўген Каравулаў («Моладзевы наступ»), Вольга Карпушонак («Хопіць баяцца»), Станіслава Гліньнік («Эўрапейскі выбар»), Арцём Брухан (Каманда Латушкі «Рух За Свабоду»).
Супраць рашэньня прагаласаваў Павал Патапаў з фракцыі «Беларусы». Ён настойвае, што дакумэнт няслушна тлумачыць Статут Каардынацыйнай рады, бо ў ім адназначна не пазначана, што функцыі старшыні пераходзяць да віцэ-старшыні, ён настойвае, што віцэ-старшыня толькі выконвае абавязкі, а пасьля 12 траўня 2025 году пасада застаецца вакантнай і, адпаведна, варта праводзіць новыя выбары старшыні.
Што вядома пра зьнікненьне Анжалікі Мельнікавай
Пра тое, што 25 сакавіка зьнікла сьпікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава, паведаміў 28 сакавіка Павал Латушка. Ён сказаў, што падаў заяву аб зьнікненьні ў праваахоўныя органы Польшчы (у Анжалікі, акрамя беларускага, ёсьць польскае грамадзянства). З словаў Паўла Латушкі, апошні кантакт зь ёю адбылася 25 сакавіка раніцай. Візуальна падчас сазвону ў Зуме дэлегаты КР бачылі яе 21 сакавіка — пры гэтым невядома, адкуль яна выходзіла ў сувязь. Таксама стала вядома, што зьніклі і дочкі Мельнікавай, якія жылі зь ёю ў Варшаве.
27 сакавіка Павал Латушка падаў афіцыйны зварот у камэндатуру паліцыі Варшавы ў сувязі са зьнікненьнем Анжалікі і яе дачок. Ён адзначаў, што нефармальна інфармаваў паліцыю за «дзень-два» да 27 сакавіка. Асабіста ён бачыў Анжаліку ў канцы лютага ў офісе.
Паводле польскай паліцыі, Мельнікава ў канцы лютага вылецела за межы Эўразьвязу, у Лёндан, зь дзьвюма дочкамі. Былы муж Анжалікі выехаў з Польшчы ў Беларусь аўтобусам 23 сакавіка.
НАУ самастойна вызначыў, што мабільная прылада Мельнікавай была лякалізаваная на тэрыторыі Беларусі 19 і 25 сакавіка. Пры гэтым адзін зь яе гаджэтаў яшчэ 18 сакавіка знаходзіўся ў Варшаве.
4 красавіка сузаснавальнік ініцыятываў BY_help і BySol Аляксей Лявончык, які жыве ў Вялікай Брытаніі, падаў заявы аб зьнікненьні Мельнікавай у паліцыю Лёндану і ў нацыянальнае крымінальнае агенцтва Вялікай Брытаніі. У прэс-службе лёнданскай паліцыі 8 красавіка паведамілі выданьню ВВС, што не расьсьледуюць зьнікненьня Мельнікавай.
Журналістам «Люстэрка» 7 красавіка ўдалося датэлефанавацца да былога мужа Мельнікавай, які пацьвердзіў, што ён разам зь іхнымі дзецьмі знаходзіцца ў Беларусі. Таксама ён заявіў, што ня ведае, дзе цяпер Анжаліка Мельнікава.
Хто такая Анжаліка Мельнікава
Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух „За свабоду“» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух „За Свабоду“», які значна апярэдзіў астатнія кааліцыі колькасьцю атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.
Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай генэральнага дырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Белоруссія», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, сям’я выехала зь Беларусі.
З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня на чале з Паўлам Латушкам.
Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.
Форум