1. 12 лістапада 2014 году грамадзкасьць упершыню даведалася пра месца расстрэлаў пад Віцебскам. У той дзень віцебскія актывісты КХП БНФ разам з журналістамі выправіліся ў лес каля вёсак Хайсы і Дрыкольле на просьбу мясцовых жыхароў, якія знайшлі ў лесе чалавечыя парэшткі.
Паводле тутэйшых насельнікаў, чалавечыя парэшткі тут знаходзяць з 1990 году — у выніку таго, што ў лесе пачалі шукаць спажывы «чорныя капальнікі». Вяскоўцы яшчэ тады першы раз зьвярнуліся ў міліцыю ды сельсавет, але ім сказалі: «Гэта ня ваша справа».
2. За тры гады актывісты зьвярталіся да сьледчых, пракурораў і міліцыі 11 разоў. Першы раз — 12 лістапада 2014 году. Віцебскія сябры КХП БНФ імкнуліся ініцыяваць грунтоўную праверку па фактах знойдзеных парэшткаў, высьветліць дакладны час пахаваньня і імёны ахвяраў. Аднак ні пра якія вынікі расьсьледаваньня так і не даведаліся.
3. Увосень 2014 году ў лесе былі пастаўленыя першыя 5 крыжоў. Так пачалося стварэньне народнага мэмарыялу ў памяць пра забітых. Неўзабаве гэтыя крыжы зьніклі. Зварот у міліцыю не дапамог, а праз пэўны час крыжы знайшлі зламанымі самі актывісты.
4. Удзельнікі ініцыятывы «Хайсы» сабралі каля 40 аповедаў пра расстрэлы ў 1937-1938 гадах. Гэта ўспаміны старажылаў, якія паказваюць канкрэтныя месцы забойстваў, або тых, хто чуў пра масавыя забойстве ў лесе ад памерлых сваякоў. Але дзяржаўныя органы ня лічаць словы людзей доказамі, вартымі ўвагі.
5. Увесну 2015-га адкрывальнік «віцебскіх Курапатаў» Ян Дзяржаўцаў стварыў грамадзкую ініцыятыву «Хайсы». Найменьне грамадзкаму ўтварэньню вырашылі даць паводле назвы вёскі, каля якой былі знойдзеныя парэшткі. Ініцыятыва была створана, але зарэгістраваць яе як грамадзкую арганізацыю так і не ўдалося.
6. Увесну 2015 году ў лесе пад вёскай Хайсы ўпершыню пабывалі прадстаўнікі ўладаў. Пахаваньні агледзелі старшыня Мазалаўскага сельскага выканкаму Леанід Дубіна і сакратарка Кацярына Каралёва.
Таксама гэтыя мясьціны наведалі айцец Міхаіл з праваслаўнай царквы, што ў пасёлку Лужасна, і тамтэйшыя казакі. Сьвятар абяцаў неўзабаве адслужыць тут паніхіду па загінулых, але свайго абяцаньня ня выканаў. Спадар Дубіна адразу ж заявіў, што ва ўладаў няма грошай на помнік рэпрэсаваным.
7. Увосень 2015 году ў «расстрэльны лес» прыяжджалі навукоўцы, якія зазначылі, што пахаваньні дужа падобныя да курапацкіх. На запрашэньне Яна Дзяржаўцава адгукнуліся Мікалай Крывальцэвіч і Валянціна Вяргей: у свой час яны дасьледавалі менскія Курапаты, і ў Хайсах убачылі падабенства пахаваньняў — што косьці ляжаць у ямінах у некалькі пластоў. Бо расстраляных у 1930-я закідвалі зямлёй, а зьверху зноў хавалі забітых. На гэтую выснову мясцовыя ўлады таксама не зьвярнулі ўвагі.
8. У кастрычніку 2015-га ў лесе каля вёсак Хайсы і Дрыкольле працаваў 52-і пошукавы батальён, выкліканы ўладамі. Гэта падразьдзяленьне, якое мае права на правядзеньне раскопак і базуецца ў вайсковай частцы Заслонава ў Лепельскім раёне Віцебскай вобласьці. Апрача парэшткаў і фрагмэнтаў жаночага ды мужчынскага абутку вайскоўцы знайшлі ў раскопах некалькі савецкіх манэт, выпушчаных у 1931-1936 гадах. На падэшвах абутку таксама дзе-нідзе захаваліся даты — 1930-я гады. Але з высновамі пра час пахаваньня віцебскіх актывістаў ніхто не пазнаёміў.
9. Парэшткі, эксгумаваныя пошукавікамі, у лістападзе 2015-га пахавалі як «ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны». Пахаваць косьці на брацкіх могілках каля станцыі Лужасна даў загад Мазалаўскі сельвыканкам. Падставай для гэтага стаў нібыта знойдзены пошукавікамі «фрагмэнт тканіны, ідэнтычнай той, зь якой выраблялася вайсковая форма нямецкіх жаўнэраў». Актывісты імкнуліся давесьці, што гэта памылка і блюзьнерства, але ў створаны «Аргкамітэт ушанаваньня памяці абаронцаў Айчыны і ахвяраў войнаў» іх не ўключылі.
10. Увесну 2017-га каля Хайсоў было адкрыта яшчэ адно невядомае масавае пахаваньне. Мясцовыя жыхары зноў знайшлі чалавечыя парэшткі — але ўжо ў іншым месцы. «Чорныя капальнікі» зрабілі 7 новых раскопаў, павыкідаўшы на паверхню косьці, фрагмэнты адзеньня, абутку і ўжытковых рэчаў.
11. У траўні 2017-га новае расстрэльнае месца стала «Аб’ектам 66 Д». Мясцовыя ўлады зноў выклікалі 52-гі пошукавы батальён, які заняўся эксгумацыяй парэшткаў і зборам артэфактаў. Паралельна з вайскоўцамі знаходкі аналізаваў прадстаўнік Акадэміі навук Алег Іоў, запрошаны на патрабаваньне актывістаў. Навуковец таксама пацьвердзіў падабенства пахаваньняў зь менскімі Курапатамі. Якія высновы былі зроблены вайсковымі археалягамі другі раз, дагэтуль ня ведаюць ні грамадзкасьць, ні актывісты ініцыятывы «Хайсы», якія распачалі традыцыю ўшанаваньня памяці загінулых.
12. Улетку 2017-га актывісты пачалі ўласныя дасьледаваньні на падставе знойдзеных артэфактаў і аповедаў мясцовых жыхароў. Удалося высьветліць імёны дзьвюх імаверных ахвяраў — настаўніцы Вольгі Данцыт і старшыні мясцовага калгасу Антона Рамашкі. Было вырашана зрабіць сымбалічныя магілы зь іхнымі імёнамі, пахаваўшы ў іх парэшткі, кінутыя ў лесе пошукавікамі.
13. Сёньня самаробны мэмарыял у «віцебскіх Курапатах» складаецца з 34-х крыжоў. 27 зь іх паставілі ў месцах раскопаў, дзе на працягу 3 гадоў знаходзілі чалавечыя парэшткі. Яшчэ 7 крыжоў — сымбалічныя: імі адзначаны ўваходы ў лес, дзе былі знойдзены чалавечыя парэшткі.
14. Апошні з крыжоў быў пастаўлены на трэція ўгодкі пасьля адкрыцьця «віцебскіх Курапатаў». Гэты крыж вышынёй больш як 4 мэтры ставілі каля дзясятка чалавек. Яго добра відаць з дарогі, якая ідзе зь Віцебску на Гарадок. Відаць ён і з чыгункі, якая праходзіць узбоч лесу у тым самым кірунку.
15. За тры мінулыя гады мясцовыя ўлады аніяк не прычыніліся да ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінізму. Нягледзячы на тое, што сярод расстраляных было нямала вядомых у Віцебску людзей, якія прынесьлі славу гэтаму гораду.