Больш за 17 тыс. эўра сабралі за першыя 12 гадзін пасьля звароту аб дапамозе сямʼі асуджанага заснавальніка крамы нацыянальнай сымболікі Symbal.bу і кампаніі «Годна» Паўла Белавуса.
Ініцыятары збору сродкаў з кампаніі «Годна» патлумачылі гэта цяжкім фінансавым станам сямʼі Белавуса:
«Канфіскаваныя машыны, частка бытавой тэхнікі. Уся маёмасьць у доме (ад шафы да імбрыка) апісаная і можа быць таксама канфіскаваная».
Кіраўнік «Годна» (займаецца вывучэньнем, разьвіцьцём і далейшым фармаваньнем беларускай нацыянальнай ідэнтычнасьці) Аліна Герашчанка лічыць, што «ідэі і імпэт Паўла Белавуса натхнілі быць беларускімі патрыётамі наўрад ня цэлае пакаленьне, нават чыноўнікі падхапілі ў свой час трэнд на беларускасьць, які запусьціў Белавус з камандай».
«Палітычны рэжым палічыў актыўнасьць Паўла „здрадай дзяржаве“, але беларусы далі свой адказ на гэты абсурд», — патлумачыла яна пасьпяховасць збору сродкаў.
Герашчанка прыгадала, што ў абвінавачваньні Белавусу сказана пра тое, што той «распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму, мэтай якіх зьяўлялася зьмена дзяржаўнай улады ў Беларусі».
«Так, Павел — нацыяналіст. А нацыяналізм — гэта ідэя грамадзянскай салідарнасьці і адказнай працы дзеля дабрабыту ўсіх грамадзян краіны. Справа Белавуса — агульная беларуская справа», — дадала яна.
Ініцыятары працягваюць збор дапамогі для сям’і Паўла Белавуса.
11 траўня судзьдзя Жанна Брысіна зь Менскага гарадзкога суда прызнала Белавуса, затрыманага ў лістападзе 2021 года, вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 («здрада дзяржаве»), ч. 1 арт. 342 («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»), ч. 3 арт. 361 («заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы») і ч. 1 арт. 3611 («кіраўніцтва экстрэмісцкім фармаваньнем») і прысудзіла 13 гадоў калёніі. Таксама яна аштрафавала актывіста на 500 базавых велічынь (18,5 тыс. рублёў).