Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мне прапанавалі капаць магілы». Зь якімі цяжкасьцямі сутыкаюцца палітвязьні, выйшаўшы з турмы


Каляж
Каляж

Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», на канец 2022 году цалкам адбылі пакараньне і выйшлі на волю 253 палітзьняволеныя. Штомесяц з калёній вызваляюцца дзясяткі «палітычных».

Паводле інфармацыі «Вясны», са студзеня па красавік 2023 году зь беларускіх калёній вызваліліся 57 палітвязьняў.

Агулам колькасьць «палітычных», хто цалкам адбыў свае тэрміны пасьля жніўня 2020 году, можа складаць сама меней 300 чалавек.


«Падатковая, пакуль я сядзеў, налічыла 20 тысяч штрафу»

Жыхар Рэчыцы Ўладзімір Міхалка трапіў за краты за «абразы» — Лукашэнкі і службовай асобы (маецца на ўвазе міліцыянт. — РС). Па рашэньні суду ён атрымаў год і два месяцы пазбаўленьня волі. Пакараньне адбываў у калёніі ў Воршы.

«Пакуль я сядзеў, падатковая актыўна „працавала“. Яны правялі праверку ў дачыненьні да мяне за 10 гадоў. І вырашылі, што мае расходы былі большыя за прыбыткі. Налічылі 20 тысяч штрафу. Гэтую паперку з падатковай я атрымаў, калі сядзеў у памяшканьні камэрнага тыпу. Падатковая лічыць, што я мусіў тут жа, у ПКТ, дастаць з кішэні 20 тысяч і даць канвою, каб яны перадалі ў падатковую», — кажа Ўладзімер.

Уладзімер Міхалка, былы палітвязень
Уладзімер Міхалка, былы палітвязень

Былы палітвязень дадае, што пасьля вызваленьня з калёніі ён быў пад пільным кантролем рэчыцкай міліцыі.

«Мне далі нагляд як парушальніку і экстрэмісту. Гэта значыць, прыяжджалі міліцыянты з праверкай і кожны тыдзень праводзілі са мной „прафіляктычныя гутаркі“. Мне расказвалі, што белае — гэта чорнае, і наадварот. Як добра жыць у Беларусі і як я памыляюся, што лічу інакш», — успамінае былы вязень.

Міліцыя патрабавала, каб Уладзімер абавязкова ўладкаваўся на працу. Але з варыянтаў яму прапаноўвалі, як кажа былы зьняволены, капаць магілы ці падмятаць вуліцы.

«Плюс яшчэ падатковая „душыла“, судовыя выканаўцы. Я ўладкаваўся вартаўніком. За тры месяцы працы атрымаў адзін раз 140 рублёў на рукі, другі раз — 200. Бо вылічвалі ж шмат за штраф», — тлумачыць Уладзімір.

Пры чарговай праверцы міліцыя знайшла ў ягоным тэлефоне «экстрэмізм», былога палітвязьня адправілі на «суткі», а пасьля забаранілі выезд за мяжу.

«Але так жыць немагчыма! Абклалі штрафамі, праверкамі, працаваць не даюць. Таму я вырашыў уцякаць. Тым больш пачалі зноў дасылаць нейкія лісты з пракуратуры», — кажа Ўладзімір.

Ён зьвярнуўся ў фонд BySol, які дапамог Уладзіміру выехаць з Беларусі ў Эўразьвяз. «Я вельмі ўдзячны хлопцам, што дапамаглі мне. Бо там жыць мне ўжо было немагчыма», — дадаў былы вязень.

«Працы на волі няма ня толькі для мяне, нават для майго мужа»

Марыя (імя зьмененае з прычын бясьпекі. — РС) адбыла пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі за ўдзел у пратэстах. Яна жыве ў невялікім райцэнтры і кажа, што тут працы няма ня толькі для яе, нават для мужа.

«Нават грузчыкам! Бо ў яго жонка-экстрэмістка. Ён толькі можа дзе-нідзе падпрацоўваць, афіцыйна яго не бяруць», — кажа Марыя.

Яна таксама мае нагляд ад міліцыі. Кажа, што ўсіх «палітычных» у калёніях знарок робяць «злоснымі парушальнікамі», каб па вызваленьні яны мелі нагляд.

«Нагляд — гэта такое, што ў любы час дня і ночы цябе можа прыехаць праверыць міліцыя. І ня дай Бог мне не адчыніць ім дзьверы. Могуць тыднямі ня езьдзіць, а могуць, наадварот, кожны дзень. У калёніі з нас зьдзекуюцца як могуць. Калі вызваляемся, гэты зьдзек працягваецца. Мяне прымушаюць уладкавацца на працу, але прапаноўваюць толькі адну вакансію — даяркай у калгас. Я туды не пайду, так і сказала міліцыянтам», — кажа Марыя.

Яна ходзіць адзначацца ў міліцыю. Гаворыць, што там «экстрэмістам» паказваюць прапагандысцкія фільмы. «І мы расьпісваемся, што паглядзелі, што з намі правялі гутарку. Карацей, поўнае трызьненьне», — кажа былая зьняволеная.


«Начальнік камісіі сказаў, што калі я не зьеду, мяне зноў пасадзяць»

Жыхар Магілёва Валянцін Лабачоў адбыў тэрмін за «абразу» Лукашэнкі ў наваполацкай калёніі. Па вяртаньні дахаты таксама атрымаў нагляд ад міліцыі.

«Спачатку ў крымінальна-выканаўчай інспэкцыі мне сказалі, што трэба раз на месяц хадзіць адзначацца. Потым, пасьля інцыдэнту ў Мачулішчах, загадалі кожны тыдзень прыходзіць. А перад Днём Волі — кожны дзень наагул. Апроч інспэкцыі, трэба яшчэ ва ўчастковага адзначацца», — тлумачыць Валянцін.

Валянцін Лабачоў, былы палітвязень
Валянцін Лабачоў, былы палітвязень

Былыя палітвязьні пасьля вызваленьня таксама мусяць хадзіць на розныя камісіі, адна зь якіх — назіральная.

«Прапаноўваюць шукаць працу. Але мой знаёмы, ён таксама адбыў тэрмін за „палітыку“, ужо некалькі месяцаў ня можа ўладкавацца на працу. Проста нікуды не бяруць „палітычных“. Грошай у яго няма, выехаць ня можа за мяжу, бо, як я казаў, ня мае грошай на гэта», — гаворыць Валянцін.

Былы палітвязень дадае, што кіраўнік назіральнай камісіі сказаў яму, што калі ён за месяц не ўладкуецца на працу ці ня выедзе за мяжу, яго зноў пасадзяць.

«Гэтыя камісіі — проста цырк нейкі. Зьбіраюцца чыноўнікі з розных інстанцый і дураць табе галаву. У мяне было такое, што за адзін дзень я меў дзьве камісіі. Раніцай — у міліцыі, па працаўладкаваньні, па абедзе — назіральную камісію», — кажа былы вязень.

Суразмоўцы адзначаюць, што міліцыю пры праверках «экстрэмістаў» цікавяць іх тэлефоны.

«Telegram, Youtube, гісторыю браўзэра глядзяць. Прычым прыяжджаюць зьнянацку, трэба пасьпець усё пачысьціць», — кажа Валянцін.

Ён вырашыў ехаць зь Беларусі.

«Я гэта і на камісіі сказаў. Яны былі ня супраць. Бо так ім будзе менш працы. Я так разумею, што іхная мэта — выціснуць людзей з краіны. Ня хочуць ехаць — зноў пасадзяць», — кажа былы вязень.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG