Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Сілавікі ставяцца да палітзьняволеных, як маньякі да сваіх ахвяр», — былы вязень шклоўскай калёніі


Турэмная агароджа. Ілюстрацыйнае фота
Турэмная агароджа. Ілюстрацыйнае фота

Былы вязень, які цалкам адбыў тэрмін у палітычнай справе ў шклоўскай калёніі і выйшаў на волю, на ўмовах ананімнасьці расказаў «Вясьне» пра спосабы ціску на палітвязьняў, умовы ўтрыманьня ў ШЫЗА, а таксама біцьцё і катаваньні ў ПК-17 ў Шклове Магілёўскай вобласьці.

Пра атмасфэру прэсінгу і гвалту

Па інфармацыі праваабаронцаў, колькасьць палітычных зьняволеных у шклоўскай калёніі ідзе пад сотню. Былы палітвязень расказаў, што па стане на вясну і лета 2022 году на кожны атрад — іх у калёніі 17, а таксама штрафны ізалятар (ШЫЗА) і памяшканьне камэрнага тыпу (ПКТ) — прыпадае па 5-10 палітычных зьняволеных.

«Ставяцца да палітвязьняў, як да ваеннапалонных ці чагосьці максымальна чужароднага, ці як маньякі да сваіх ахвяр, і гэта самае праўдзівае апісаньне сытуацыі, на мой погляд. Прычым сапраўдных ваеннапалонных юрыдычна абараняе Жэнэўская канвэнцыя, але ў ПК-17 і ў іншых калёніях палітычныя вязьні абсалютна безабаронныя. Атмасфэра там прасякнута пастаянным прэсінгам, пэрманэнтным стрэсам, недаверам, прыгнечанасьцю, замкнёнасьцю, гвалтам, рэгулярнымі інтрыгамі і страхам».

Ціск на вязьняў, катаваньні і біцьцё ў шклоўскай калёніі, як расказаў былы палітвязень, — частка сыстэмы гэтай установы. Паводле яго, біць могуць пачаць ужо на карантыне, адразу пасьля этапу вязьня ў калёнію:

«Гэта могуць рабіць і сілавікі, і карантынныя актывісты (там іх заўсёды трое: загадчык гаспадаркі, дзённы і начны „днявальныя“). Яны гэта робяць у сьляпых зонах, дзе няма камэр, напрыклад у так званай „сушылцы“ ці, простай мовай кажучы, у разьдзявальні».

Б'юць за надуманныя «парушэньні», працягвае былы вязень, напрыклад за тое, што не павітаўся з супрацоўнікам, дрэнна прыбраў пакой, адмовіўся афіцыйна прызнаваць віну, хоць неяк парушыў рэжым адбываньня пакараньня і гэтак далей.

«Бывалі выпадкі, калі гэтыя дурні ўляталі па некалькі чалавек у масках або балаклавах з боку спальнага памяшканьня (там ёсьць дзьверы, якія злучаюць асноўны будынак штаба калёніі з карантынам) і пачыналі лупцаваць абсалютна ўсіх без разбору. Такая ж практыка ёсьць і ў СІЗА. Там заўсёды напагатове дзяжураць так званыя „рэзэрвы“ з сабакамі, якія робяць тое ж самае, забягаючы ў камэры».

Паводле былога вязьня шклоўскай калёніі, катаваньні і пабіцьцё зьняволеных адбываецца таксама ў ШЫЗА.

«Для гэтага ім таксама неабходны месцы бяз камэр — да забойства Вітольда яны актыўна вадзілі палітычных з ШЫЗА ў сьляпыя зоны ў штабе, дзе ставілі на расьцяжкі і білі. Некаторыя асуджаныя расказвалі, як па начах у першай палове 2021 году са штаба рэгулярна было чуваць крыкі і стогны ад болю. Больш за тое, некаторыя бачылі, як міліцыянты па начах часам пераводзілі пабітых і замучаных палітычных у мэдчастку. Пабіцьцё таксама адбываецца ў памяшканьні ператрусу ў самім будынку ШЫЗА. Адна з частых прычын такіх паводзінаў — адмова ад выкананьня гімна ў камэры ШЫЗА ці ПКТ. Гэты „абавязак“ ніяк не прапісаны ў правілах унутранага распарадку ПК-17, аднак гімн прымушаюць сьпяваць двойчы на дзень».

Пра ўмовы ў ШЫЗА

Былы палітвязень адзначае, што ў ШЫЗА створаны жудасныя ўмовы ўтрыманьня. Акрамя гэтага, там вязьняў прымушаюць два разы на дзень перад дзьвярыма камэры сьпяваць гімн Рэспублікі Беларусь:

«Калі я толькі прыехаў у ПК-17, мясцовыя „актывісты“ і сябры адміністрацыі калёніі расказвалі, што гэта самая лепшая папраўчая ўстанова ў Беларусі па якасьці рамонтаў, па працяглых спатканьнях, па якасьці ежы і г. д, але пры гэтым з ухмылкамі зазначалі, „што тут самае горшае і страшнае ШЫЗА ў краіне“.

Ня ведаю, як ідуць справы з ШЫЗА ў іншых калёніях, аднак доля праўды ў іх пужалках была. Там заўсёды вельмі холадна, немагчыма нармальна спаць, няма ніякага занятку, акрамя хаджэньня туды-сюды, фантазаваньня ці маленькіх фізычных практыкаваньняў, якія там неабходны для таго, каб хоць ненадоўга адагнаць холад».

Паводле былого палітвязьня, штодзённа ў ШЫЗА палітычных з надуманых прычын адпраўляюць у ШЫЗА.

Пра блякаваньне перапіскі

Паводле былога вязьня, у шклоўскай калёніі палітвязьні могуць атрымліваць толькі ад блізкіх сваякоў, якіх яны ўказваюць у спэцыяльнай форме яшчэ на карантыне. Лісты ад іншых людзей там не выдаюць і ніяк пра гэта не апавяшчаюць. Выключэньне — заказныя лісты.

«Раз на месяц асуджаных, у асноўным палітычных, масава выклікаюць у апэратыўную частку, каб расьпісаліся за заказныя лісты, якія ім прыйшлі. Але іх выдаюць толькі ад блізкіх сваякоў. Астатнія лісты не выдаюць, але просяць расьпісацца за іх атрыманьне. Адзіная і афіцыйная прычына нявыдаваньня лістоў — „цынічны характар“ іх зьместу. Прычым яны нават не заўсёды іх ускрываюць, а завочна называюць іх цынічнымі. Гэты прычына выкарыстоўваецца да ўсіх заказных лістоў не ад блізкіх сваякоў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG