Гэта адзіная прэмія, да якой прыкладаецца залаты мэдаль.
Разам з Малалеткам і Чарновым узнагароду атрымалі прадзюсэр Associated Press Васіліса Сьцепаненка і эўрапейская карэспандэнтка агенцтва Лоры Гінант. Каманда AP таксама атрымала Пулітцэраўскую прэмію 2023 году ў намінацыі «Навінавая фатаграфія» — за фотарэпартажы з Украіны.
Перамогу ў намінацыі «За міжнародны рэпартаж» прысудзілі журналістам The New York Times за «выдатны прыклад асьвятленьня міжнародных падзей». Прыз уручылі за асьвятленьне вайны ва Ўкраіне, у тым ліку за расьсьледаваньне забойстваў жыхароў горада Буча расейскімі вайскоўцамі.
У красавіку 2023 года здымак марыюпальскага радзільнага дома Яўгена Малалеткі прызналі фатаграфіяй года паводле вэрсіі прэстыжнай прэміі World Press Photo. Журы палічыла, што аўтару фота адным здымкам удалося адлюстраваць пакуты людзей у выніку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну.
Фотажурналіст Яўген Малалетка і журналіст Associated Press, фатограф, відэограф Мсціслаў Чарноў прыехалі ва ўкраінскі Марыюпаль ноччу 24 лютага, за гадзіну да пачатку поўнамаштабнай вайны, якую разьвязала Расея супраць Украіны. Дваццаць дзён яны былі ці не адзінымі журналістамі, якія здымалі Марыюпаль пад пастаяннымі абстрэламі.
У тым ліку яны фатаграфавалі і здымалі на відэа працу лекараў у абясточанай лякарні ў Марыюпалі, дзе штодня рабілі апэрацыі пры сьвятле ліхтароў, а таксама наступствы расейскага ўдару па радзільні ў Марыюпалі: гэтыя фота і відэа Крэмль і расейскія прапагандысцкія СМІ спрабавалі прадставіць як «фэйк».
Журналісты прапрацавалі ў горадзе 20 дзён, але былі вымушаныя выехаць, калі расейскія войскі падышлі занадта блізка і захапілі частку гораду. Яны змаглі вывезьці каштоўныя фота- і відэаматэрыялы, якія, хутчэй за ўсё, былі б зьнішчаны расейскімі вайскоўцамі.
Гэтыя кадры Малалетка і Чарноў лічаць сьведчаньнямі таго, «чым зьяўляецца расейскае ўварваньне ва Ўкраіну, што гэта не спэцыяльная апэрацыя, ня нейкія адзінкавыя ўдары па інфраструктуры або па вайскоўцах, што гэта зьнішчэньне людзей, зьнішчэньне гарадоў».