«Вітаю ўкраінскі народ з гістарычнай падзеяй! Так, мы зьбілі „Кінжал“, які ня мае аналягаў! Гэта адбылося падчас начнога нападу 4 траўня ў небе Кіеўскай вобласьці. Ракету Х-47 выпусьціў МіГ-31К з тэрыторыі Расеі», — заявіў Алешчук.
Як адзначыў камандуючы Паветранымі сіламі, гіпэргукавую ракету ўдалося зьбіць дзякуючы зэнітна-ракетнаму комплексу Patriot.
Таксама Мікалай Аляшчук заклікаў СМІ не публікаваць загадзя інфармацыю, «якой можа скарыстацца вораг», і чакаць афіцыйных паведамленьняў ад украінскіх уладаў.
5 траўня выданьне Defence Express паведаміла, што ўкраінскія байцы маглі ўпершыню зьбіць гіпэргукавую ракету «Кінжал» 4 траўня і апублікавалі фатаздымкі нібыта абломкаў зьбітай ракеты. У паветраных сілах Украіны заявілі, што ніякіх камэнтараў на гэтую тэму зь іх боку ня будзе.
Пра ракеты «Кінжал» і чаму яны зьяўляюцца аднымі з самых небясьпечных
Ракеты паветранага базаваньня Х-47М «Кінжал» больш небясьпечныя, чым іншыя, таму што здольныя ляцець з гіпэргукавай хуткасьцю, якая ў 10 разоў вышэй за хуткасьць гуку і могуць манэўраваць у палёце.
Кінжал зьяўляецца мадыфікацыяй балістычнай ракеты сыстэмы «Іскандэр». Далёкасьць палёту ракеты дасягае 2000 км, а ў выпадку запуску з самалёта — 3000 км. Пуцін заяўляў, што ракеты «Кінжал» могуць несьці нават ядзерныя боегалоўкі.
Такія ракеты здольныя паражаць рухомыя і нерухомыя аб’екты. Баявая частка «Кінжала» роўная 500 кг тратылу. Сыстэмам СПА складана зьбіць Кінжал, таму што ракета пасьля запуску ўздымаецца ўверх на 20 км, а потым падае на мэту.
Кінжал зьяўляецца даволі дарагой і абмежаванай у колькасьці зброяй.