З пачатку году афіцыйная інфляцыя ў Беларусі складае 2,6%. Аднак цэны на некаторыя прадукты вырасьлі значна больш. Толькі з лютага па сакавік гародніна падаражэла на 8,5%, турыстычныя паслугі — на 8,7%, паслугі чыгункі — на 4,7%. Глядзім па канкрэтных прадуктах.
Гародніна і садавіна
Згодна з замерамі Белстату, кіляграм бульбы ў студзені каштаваў 1 рубель. Цяпер самую танную бульбу, якую знаходзім у сэрвісе «Е-дастаўка», прадаюць за 1 рубель 7 капеек. Рост +5,4% (звычайна цэны з гэтага сэрвісу супадаюць зь сярэднімі ў Беларусі, згодна з Белстатам).
Цыбуля ў студзені каштавала 1 рубель 39 капеек за кіляграм. Цяпер знаходзім яе па 3 рублі 25 капеек за кіляграм, рост у 2,3 раза.
Са студзеня па сакавік, згодна з дадзенымі Белстату, цыбуля падаражэла на 42%.
Агуркі ў студзені каштавалі 6 рублёў 94 капеек за кіляграм, цяпер знаходзім іх па 5 рублёў 99 капеек (патаньнелі на 13%). Бананы ў цане амаль не зьмяніліся, апэльсіны падаражэлі на 18,3%, яблыкі — на 8%.
Мяса
У студзені кіляграм сьвініны бяз костак каштаваў 14 рублёў 45 капеек, цяпер на «Е-дастаўцы» знаходзім кіляграм такой сьвініны (лапатка) за 16 рублёў 61 капейку (рост 13%).
Ялавічына бяз костак каштавала ў студзені 19 рублёў 31 капейку за кіляграм, цяпер 21 рубель 61 капейку. Стала даражэй на 10,6%. Кураціна падаражэла на 3,6%.
Малочныя прадукты
Літар малака з пачатку году не падаражэў — 1 рубель 78 капеек. Нязначна падаражэлі сьмятана, кефір, масла і тварог — ня больш як на 4%.
Напоі
З пачатку году ў Беларусі падаражэла гарэлка. Калі ў студзені паўлітровая бутэлька каштавала 10 рублёў 3 капейкі, то цяпер больш за 11 рублёў за бутэльку ў сярэднім. Рост ад 7% да 9%, у залежнасьці ад маркі.
Літар соку ў пачатку году каштаваў 3 рублі 43 капейкі за літар, цяпер ён каштуе прыкладна столькі ж. Мінэральная вада з пачатку году ў цэнах таксама не зьмянілася — каля 1,5 рубля за літар.
Крупы, бакалея
Цана на муку з пачатку году не зьмянілася — 1 рубель 49 капеек за 1 кг мукі найвышэйшага гатунку. Грэчка патаньнела ў межах 3-5%, не зьмянілася цана на ячныя крупы — каля 1 рубля 70 капеек за кіляграм. Цукар падаражэў на 1,1%.