Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прыгожын на фоне трупаў вагнэраўцаў назваў Шайгу «поскудзьдзю» і прыгразіў выхадам з Бахмута


Яўген Прыгожын з баевікамі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр»
Яўген Прыгожын з баевікамі прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр»

Заснавальнік і спонсар прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр» Яўгеній Прыгожын запісаў відэа на фоне дзясяткаў трупаў байцоў ПВК, абвінаваціўшы ў іх гібелі міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу і начальніка Генштабу расейскіх Узброеных сіл Валерыя Герасімава.

Ролік апублікавала прэс-служба Прыгожына.

«Вось гэта хлопцы, якія загінулі сёньня, яшчэ кроў сьвежая», — кажа на кадрах заснавальнік ПВК «Вагнэр», зрываючыся на крык і паказваючы на складзеныя ў шэраг мёртвыя целы. Далей ён сьцьвярджае, што нястача боепрыпасаў у падразьдзяленьняў ПВК складае 70%, і што калі б ім выдавалі хаця б «норму», то ахвяраў было б у пяць разоў менш.

Яўгеній Прыгожын
Яўгеній Прыгожын

«Яны прыйшлі сюды добраахвотнікамі і паміраюць, каб вы жыравалі ў сваіх кабінэтах з чырвоным дрэвам», — рэзюмуе Прыгожын, зьвяртаючыся, у тым ліку ў нецэнзурнай форме, да Шайгу і Герасімава, якіх, апроч іншага, называе «поскудзьдзю».

Таксама Яўгеній Прыгожын заявіў, што з прычыны адсутнасьці боепрыпасаў 10 траўня плянуе вывесьці байцоў ПВК «Вагнэр» з Бахмута і перадасьць пазыцыі падразьдзяленьням Мінабароны РФ. Найміты «Вагнэра» зь лета 2022 году спрабуюць захапіць Бахмут у Данецкай вобласьці.

  • ПВК «Вагнэр» — расейскае неафіцыйнае ўзброенае фармаваньне, створанае блізкім да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна пецярбурскім бізнэсоўцам Яўгеніем Прыгожыным. Найміты ПВК, сярод якіх зьняволеныя, завэрбаваныя ў калёніях, прымаюць актыўны ўдзел у вайне з Украінай, а таксама ў наземных апэрацыях у Сырыі і Афрыцы. Байцоў кампаніі абвінавачваюць ва ўчыненьні шматлікіх ваенных злачынстваў, у тым ліку ў пазасудовых пакараньнях. Прыгожын не адмаўляе гэтага, хаця прамымі словамі і не прызнае. У шэрагу краін ПВК «Вагнэр» прызнана злачыннай і тэрарыстычнай арганізацыяй.
  • Афіцыйна, паводле расейскіх законаў, ПВК «Вагнэр» не існуе. У зводках Мінабароны падразьдзяленьні наймітаў гэтай структуры называюць «штурмавымі атрадамі добраахвотнікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG